Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Чэрвень 2014

Праваабаронца Леанід Сьвецік: Парашэнка быў абраны большасьцю ўкраінскага народу... (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

На пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся 25 траўня ва Ўкраіне, прыехалі больш за 3 тысячы міжнародных назіральнікаў. Сярод іх былі і беларусы. За тым, як ажыцьцяўляецца волевыяўленьне ўкраінскага народу, назіралі некалькі дзесяткаў актывістаў зь Беларусі. Адным зь іх быў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які распавёў «Дыялёгу» пра свае ўражаньні ад знаходжаньня ва Ўкраіне.

– Леанід Валянцінавіч, распавядзіце пра сытуацыю ва Ўкраіне, як Вы яе ўбачылі.

– У складзе групы міжнародных назіральнікаў я знаходзіўся ва Ўкраіне з 22 па 27 траўня. Давялося мне быць у цэнтральнай частцы Украіны – у Кіраваградзе. Будучы там, я меў дастаткова часу і магчымасьцяў для вядзеньня незалежнага назіраньня за сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй у рэгіёне, а таксама за працэсам абраньня кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

Перш за ўсё, хачу паведаміць чытачам тое, што ўкраінскія грамадзяне, нягледзячы на жорсткія баі на паўднёвым усходзе краіны, жывуць спакойным паўнавартасным жыцьцём, якое, як і ва ўсіх і ўсюды складаецца, у асноўным, з вырашэньня штодзённых асабістых бытавых праблем.

Неабходна адзначыць, што ўсе дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы працавалі ў звычайным, штатным рэжыме. Ніякай надзвычайшчыны або панікі заўважана не было. Дзеці наведвалі школы і садкі, бацькі – працу. Крамы і рынкі таксама працавалі. Тавараў у іх было дастаткова для задавальненьня любых запытаў пакупнікоў.

Нашы ўкраінскія калегі-праваабаронцы запэўнівалі нас, назіральнікаў, што ня трэба баяцца хадзіць па вуліцах нават у начны час – маўляў, усё ў нас спакойна.

Мабыць, у адрозьненьне ад ранейшых часоў, на вуліцах было шмат дзяржаўнай сымболікі – жоўта-блакітных сьцягоў, а на ўезьдзе ў Кіраваград быў заўважаны міліцэйскі блёк-пост з узброенымі аўтаматамі міліцыянтамі.

– Як Вы ацэньваеце самі выбары з пункту гледжаньня іх адпаведнасьці міжнародным стандартам?

– Я займаюся назіраньнем за выбарамі з 2008 году. Удзельнічаў у працы шэрагу міжнародных назіральных місіяў. Таму ў мяне дастаткова досьведу, каб ацаніць якасьць выбараў, што праводзіліся, іх адпаведнасьць міжнародным стандартам.

Хачу адразу заявіць, што выбары прэзыдэнта ва Ўкраіне адпавядалі патрабаваньням дзеючага ў краіне заканадаўства і высокім міжнародным патрабаваньням, г.зн. выбары былі дэмакратычнымі і свабоднымі.

– Што вы можаце сказаць пра працу ўчастковых выбарчых камісіяў?

– Падчас галасаваньня я наведаў 11 выбарчых участкаў. Як у сельскай мясцовасьці, гэтак і ў раённым цэнтры – Александрыі. Усюды панавала спакойная рабочая атмасфэра. Людзі без усялякага адміністрацыйнага націску галасавалі на участках – свабодна, тайна.

Участковыя выбарчыя камісіі былі сфармаваныя зь ліку партыйных актывістаў і прадстаўнікоў кандыдатаў у прэзыдэнты праз выпадковую выбарку. Як заяўлялі сябры саміх камісіяў, зь якімі я размаўляў асабіста, яны прыйшлі працаваць у камісіі добраахвотна і ўважаюць гэтую працу за гонар і за свой грамадзянскі абавязак.

На выбарчых участках былі дзясяткі назіральнікаў, асноўную масу якіх складалі мясцовыя партыйныя актывісты. Назіральнікі маглі спакойна назіраць за ходам галасаваньня і падлікам галасоў.

Падчас падліку галасоў старшыня камісіі дэманстраваў усім прысутным кожны бюлетэнь для галасаваньня, называючы прозьвішча кандыдата ў прэзыдэнты, за якога быў аддадзены голас. Спрэчныя бюлетэні рашэньнем камісіі выключаліся з падліку.

Пратакол, у якім былі адлюстраваныя вынікі галасаваньня, складаўся ў прысутнасьці назіральнікаў. Копіі пратаколу зь пячаткай камісіі і подпісамі ўсіх яе сяброў па першым патрабаваньні перадаваліся ўсім назіральнікам, якія знаходзіліся на ўчастку. Да прыкладу, на ўчастку, дзе я сачыў за працэсам падліку галасоў, было раздадзена 23 копіі выніковага пратаколу. Гэтак рабілася дзеля таго, каб пазьбегнуць фальшаваньняў вынікаў галасаваньня і выключыць недавер да абранага прэзыдэнту краіны.

– Галасы лічаць на выбарчых участках. Але выніковыя лічбы паведамляюць у цэнтар акруговыя выбарчыя камісіі. Ці змаглі Вы паназіраць за працай АВК?

– Так, мне як міжнароднаму назіральніку такая магчымасьць была дадзеная. Я назіраў за працэсам прыняцьця пратаколаў у акруговай камісіі, якая разьмяшчалася ў горадзе Александрыя Кіраваградзкай вобласьці.

Прадстаўнікі ўчастковых выбарчых камісіяў перадавалі пратаколы і бюлетэні ў акруговую камісію публічна. Старшыня акруговай камісіі аб’яўляў вынікі галасаваньня па кожным участку. Пасьля галасаваньнем сяброў АВК гэтыя вынікі зацьвярджаліся і перадаваліся ў тэхнічную службу акруговай камісіі, якая праз электронную сыстэму паведамляла зьвесткі ў Кіеў у Цэнтральную выбарчую камісію краіны. Працэс ўводу дадзеных паказваўся на вялікім экране, і ўсё бачылі правільнасьць ўводу дадзеных галасаваньня апэратарам кампутару.

– На ваш погляд, цяперашні прэзыдэнт Парашэнка зьяўляецца па-сапраўднаму абраным кіраўніком дзяржавы?

– У мяне не выклікае ніякіх сумневаў тое, што Пятро Парашэнка быў абраны прэзыдэнтам большасьцю ўкраінскага народу, і таму зьяўляецца легітымным кіраўніком краіны.

– Якое Ваша ўражаньне ад зносін з украінцамі?

– Перш за ўсё, украінцы – супраць кровапраліцьця і жорсткасьці. Усе, з кім мне давялося мець зносіны, былі настроеныя мірна, ніхто зь іх не выказваў нянавісьці да расейцаў і Расеі. Яны толькі выказвалі пажаданьні таго, каб ніхто не перашкаджаў ім будаваць вольную, незалежную і квітнеючую Ўкраіну.

dyjalog.info