Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Ліпень 2022

"Праваабаронца — не злачынца": год за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

14 ліпеня — роўна год, як старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна cхопленыя беларускімі ўладамі і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць, легальную дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне. 

Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў — тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр "Вясна". З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць "здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры". 

Следства працягваецца ўвесь гэты год, а меры стрымання пад вартай для Алеся, Валянціна і Уладзя падаўжаецца кожныя 1-2 месяца. На допыты былі выкліканыя родныя затрыманых, дзеючыя і былыя сябры арганізацыі, валанцёры, актывісты і простыя грамадзяне, якія раней звярталіся ў “Вясну” па дапамогу.

З адвакатаў праваабаронцаў, а таксама шматлікіх сведкаў былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні, таму справа пакрытая таямніцай. На якой стадыі цяпер знаходзіцца следства і якія следчыя дзеянні вядуцца — дакладна невядома. Самі вясноўцы асабліва не пішуць у лістах пра рух справы, ды і ліставанне з імі значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне.