Друкаваць гэтую старонку
Серада, 29 Красавік 2020

Праваабаронца запытаўся ў дэпутатаў пра захады супраць COVID-19 – яму адказаў выканкам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Праваабаронца Павал Левінаў Праваабаронца Павал Левінаў

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Віцебску і Віцебскай вобласьці праваабаронца Павал Левінаў папрасіў абласны Савет дэпутатаў паінфармаваць яго, якія захады робіць гэты прадстаўнічы орган, каб захаваць жыцьці і здароўе мэдыкаў і простых грамадзян падчас пандэміі COVID-19. Ліст у адказ даслала выканаўчая ўлада.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў у звароце на імя старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімера Цярэнцьева прасіў даць яму «поўную, праўдзівую і своечасовую інфармацыю пра тое, калі і якія захады зробленыя аблсаветам для захаваньня жыцьця і здароўя мэдычных работнікаў і насельніцтва ў пэрыяд пандэміі каронавірусу».

Адказу з абласнога савету праваабаронца так і не дачакаўся. Затое атрымаў ліст з Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму. Начальнік упраўленьня Генадзь Ягораў тлумачыць у лісьце, што, згодна з Законам «Аб санітарна-эпідэміялягічным дабрабыце насельніцтва», да кампэтэнцыі мясцовых Саветаў адносіцца толькі «зацьверджаньне рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў, якія забясьпечваюць рэалізацыю дзяржаўных праграм, фінансаваных за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».

«Прыняцьце іншых мер ажыцьцяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі», – паведамляе Ягораў.

Удакладняе пры гэтым, што, паводле Закону «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні», арганізацыйна-тэхнічнае забесьпячэньне дзейнасьці Савету ажыцьцяўляецца апаратам Савету і выканкамам. У адпаведнасьці з гэтым – і па даручэньні старшыні аблсавету – ён і адказвае на зварот праваабаронцы.

Павал Левінаў, які так і не атрымаў канкрэтнага адказу пра захады дэпутатаў супраць COVID-19, выказвае шчырае зьдзіўленьне.

«Атрымліваецца, што дэпутаты, якія зусім нядаўна так яра змагаліся за галасы выбарцаў, падпарадкоўваюцца ўпраўленьню ідэалёгіі?.. Што, гэтае ўпраўленьне мусіць ведаць, што дэпутаты робяць а што ня робяць? Тут нейкае глупства! Бо гэта зусім іншая галіна ўлады. І гэтым адказам дэпутаты паказваюць, што яны ёсьць цалкам залежныя ад аблвыканкаму людзі», – кажа праваабаронца Павал Левінаў.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.