Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 10 Снежань 2019

Пабачыла сьвет «Шэрая кніга – 2019. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Напярэдадні міжнароднага Дня правоў чалавека на «Віцебскай вясьне» зьявіўся шосты выпуск штогодніка «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Праваабаронцы прааналізавалі ў выданьні стан правоў чалавека ў Віцебскай вобласьці ў пэрыяд ад верасьня 2018-га да жніўня 2019 году.

Зьмест «Шэрай кнігі -2019» складаюць сто старонак. Аўтары выданьня пераконваюць: сытуацыя з правамі чалавека ў рэгіёне застаецца нязьменна дрэннай, і няма хоць якіх прыкметаў, каб гэты стан палепшыўся.

«У Віцебскай вобласьці, як і ва ўсёй Беларусі, парушаюцца грамадзянскія і палітычныя правы. Прычым гэтыя парушэньні тыповыя і маюць уласьцівасьць паўтарацца як у прасторы, так і ў часе. Для пераадоленьня праблем у галіне правоў чалавека ўладам, у тым ліку і рэгіянальным, неабходна прыслухацца да рэкамэндацый Камітэта па правах чалавека ААН», – заяўляюць на пачатку «Шэрай кнігі» праваабаронцы.

Аснову выданьня складаюць публікацыі, разьмешчаныя на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулы, апублікаваныя на іншых інтэрнэт-рэсурсах. Усе матэрыялы падзеленыя на чатыры часткі, у якіх распавядаецца пра факты парушэньня правоў чалавека, а таксама пра дзеяньні праваабаронцаў у адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў.

Значны аб’ём «Шэрай кнігі» прысьвечаны перасьледу журналістаў, ціску на блогераў з боку ўладаў з мэтай абмежаваць распаўсюд незалежнай інфармацыі.

Аўтары выданьня расказваюць і пра звароты грамадзянскіх актывістаў у Камітэт па правах чалавека ААН дзеля абароны сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Апроч інфармацыі пра ўласна парушэньні грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў чалавека, укладальнікі кнігі падаюць зьвесткі аб маніторынгу судовых працэсаў, паведамляюць пра грамадзянскія ініцыятывы і акцыі, асьвятляюць дзейнасьць праваабаронцаў у адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў.

Азнаёміцца з выданьнем «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне» (верасень 2018 – жнівень 2019) можна на сайце «Віцебскай вясны».

Леанід Сьвецік, праваабаронца

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.