Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Чэрвень 2018

Віцебскі праваабаронца заклікаў судзьдзяў адмовіцца ад вынясеньня сьмяротных выракаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Праваабаронца РПГА “БХК” Павал Левінаў накіраваў усім судзьдзям судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду асабістыя лісты, у якіх заклікае адмовіцца ад вынясеньня сьмяротных прысудаў.

У лістах Павал Левінаў абгрунтоўвае такую неабходнасьць, у тым ліку, судовымі памылкамі: “Прамінулі дзесяцігодзьдзі, але дагэтуль валасы ўстаюць дыбарам, калі ўяўляеш, што па справе віцебскага маньяка Міхасевіча судом нявінна былі асуджаныя 13 чалавек: аднаго пасьпелі расстраляць, трое адседзелі амаль па 10 гадоў, астатнія атрымалі тэрміны меншыя i таксама сядзелі...”

Праваабаронца нагадвае віцебскім судзьдзям пра вынесены імі 22 верасьня 2017 году сьмяротны прысуд у дачыненьні да Віктара Лётава – пра выкананьне гэтага прысуду стала вядома 29 траўня 2018 году падчас разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе іншага асуджанага да сьмяротнага пакараньня, Аляксандра Жыльнікава.

Павал Левінаў у лістах да віцебскіх судзьдзяў падкрэсьлівае: “Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакараньне для злачынцы, якое служыць мэтам правасудзьдзя і годнага грамадзтва, дзе права на жыцьцё зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю. Сьмяротнае пакараньне расцэньваю як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека”.

У дадатак да лістоў праваабаронца даслаў судзьдзям брашуру «Непазьбежнасьць памылкі: адпраўленьне правасудзьдзя ў выпадках сьмяротнага пакараньня» і бюлетэнь «Прычыны скасаваць сьмяротнае пакараньне».

dp.spring96.org