Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Сакавік 2018

Віцебскія праваабаронцы павіншавалі палітвязьняў з Днём Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Напярэдадні сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР праваабаронцы Віцебску даслалі віншавальныя паштоўкі палітвязьням Зьмітру Паліенку (папраўчая калёнія № 2, г. Бабруйск) і Міхаілу Жамчужнаму (папраўчая калёнія № 9, г. Горкі). Апроч таго, яны павіншавалі са сьвятам беларускага краязнаўцу Алеся Юркойця (папраўчая калёнія № 3, пас. Віцьба).

Жыхар Менску Зьміцер Паліенка быў асуджаны паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органа ўнутраных справаў) і часткі 2 артыкулу 343 (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару) пасьля акцыі раварыстаў ў Менску, якая была разагнаная міліцыянтамі.

12 кастрычніка 2016 году быў абвешчаны прысуд у дачыненьні да Паліенкі – два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. 7 красавіка 2017 году рашэньне аб адтэрміноўцы было скасаванае празь невыкананьне абавязку працаўладкаваньня, парушэньні рэжыму адтэрміноўкі і два спагнаньні па адміністрацыйных справах.

Віцябчук Міхаіл Жамчужны, заснавальнік праваабарончай ўстановы «Платформ Інавэйшан», якая займалася праблемамі пэнітэнцыярнай сыстэмы краіны, быў затрыманы праз тыдзень пасьля абвяшчэньня выраку дырэктару гэтай установы Андрэю Бандарэнку.

10 ліпеня 2015 году ён быў прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкулу 375 (наўмыснае выдаваньне службовай таямніцы), частак 1 і 2 артыкулу 376 Крымінальнага кодэксу (незаконныя выраб, набыцьцё або збыт сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) і частак 1 і 2 артыкулу 431 (даваньне хабару) і прысуджаны да шасьці гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму. 23 кастрычніка 2015 года прысуд, вынесены Віцебскім абласным судом, быў перагледжаны калегіяй Вярхоўнага суду, якая прызначыла Жамчужнаму больш суворую кару – шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня.

У адрозьненьне ад двух першых, краязнаўца Алесь Юркойць, вядомы грамадзкі і культурны актывіст нацыянальнага руху на Астравеччыне, праваабарончай супольнасьцю Беларусі палітвязьнем не прызнаны. Тым ня менш ніхто са знаёмых актывіста ня верыць у справядлівасьць выраку, лічачы, што яго пакаралі проста за кампанію разам з астатнімі. Сам Алесь у судзе віны не прызнаў.

Алесь Юркойць праходзіў па гучнай справе ашмянскіх мытнікаў. 5 верасьня 2017 году ён быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня паводле часткі 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы).

Кастусь Дзьвінскі