Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 31 Кастрычнік 2017

У Віцебску расьсьледуецца крымінальная справа супраць актывіста Пятра Іванова

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў Пётар Іваноў

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту цягам ужо больш двух месяцаў расьсьледуе крымінальную справу, распачатую ў дачыненьні да грамадзянскага актывіста Пятра Іванова паводле арт. 366 КК РБ (гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі). У выпадку ўстанаўленьня віны актывісту пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

З 11 кастрычніка Пётар Іваноў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Віцебскай вобласьці. Крымінальная справа была ўзбуджаная па заяве судовага выканаўцы суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Кацярыны Прыгажаевай.

Гісторыя справы пачалася ў красавіку бягучага году, калі ў доме Іванова зьявілася Прыгажаева, каб апісаць ягоную маёмасьць, рэалізацыя якой дазволіла б дзяржаве вярнуць не аплачаную актывістам судовую пошліну за разгледжаную раней справу. У сваёй заяве судовы выканаўца распавядае, як Іваноў з выкарыстаньнем сілы адабраў у яе дакумэнты, у тым ліку недааформленыя паперы на арышт маёмасьці, і выкінуў іх на вуліцу. Пасьля гэтага, паводле пісьмовых тлумачэньняў скаржніцы, узяў яе за руку і за каўнер ды выпхнуў з дому.

“Адміністратыўку” скасавалі, крымінальную справу завялі    

Трэба адзначыць, што падобны інцыдэнт, хутчэй за ўсё, сапраўды здарыўся. Бо ў сваёй публікацыі на сайце “Свабодны рэгіён” пад загалоўкам “Конечный результат правления Александра Лукашенко – это безотчётное свинство прихлебателей системы самовластия” Іваноў сам падрабязна апавядае, як разгортваўся канфлікт паміж ім і судовым выканаўцам.

Інтэрпрэтацыя абодвух удзельнікаў здарэньня адназначна паказвае на тое, што з боку Іванова быў фізычны кантакт у дачыненьні Прыгажаевай, бо ён утрымліваў яе за рукі. То бок учыніў неабходнае гвалтоўнае дзеяньне, каб выдаліць судовага выканаўцу са свайго дому. Факт кантакту зафіксаваны ў матэрыялах судова-мэдычнай экспэртызы аб прычыненьні цялесных пашкоджаньняў у выглядзе пачырваненьня запясьця правай рукі.

На пачатку чэрвеня адміністрацыйную справу, якая была распачатая па факце гвалтоўных дзеяньняў з боку Пятра Іванова паводле ч.1 арт. 9.1 (Наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў і іншыя гвалтоўныя дзеяньні) КаАП РБ, судзьдзя Ільля Белавус скасаваў, бо скончыўся тэрмін даўнасьці прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці.   

Дарэчы, калі б Іванова пакаралі па адміністрацыйнай справе, гэта засьцерагло б яго ад крымінальнага перасьледу, бо, згодна з заканадаўствам, за адно правапарушэньне чалавек ня можа быць пакараны двойчы. 

Тым ня менш напрыканцы жніўня сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да Пятра Іванова, выбраўшы меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе. Але, напэўна, Іваноў перастаў зьяўляцца на сьледчыя дзеяньні, і на гэтай падставе сьледчы палічыў неабходным узяць грамадзянскага актывіста пад арышт. Цяпер ён знаходзіцца ў Віцебскім абласным СІЗА №2.

Факт выкарыстаньня сілы стварае праблему для праваабаронцаў

Сытуацыю, якая склалася вакол крымінальнай справы супраць Пятра Іванова, пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Сьвецік.

“Праваабаронцы ўважліва сочаць за тым, як вядзецца расьсьледаваньне крымінальнай справы грамадзянскага актывіста Пятра Іванова.

Трэба сказаць, што любыя фізычныя кантакты ў дачыненьні да службовай асобы, якая знаходзіцца пры выкананьні сваіх паўнамоцтваў, лічацца, у вызначаных сытуацыях, паводле адміністрацыйнага і крымінальнага законаў, гвалтоўнымі. Фактычныя абставіны ў справе Пятра Іванова ўказваюць на тое, што ў ягоных дзеяньнях прысутнічае факт выкарыстаньня сілы ў дачыненьні да Прыгажаевай. І таму гэтыя абставіны ствараюць праблему для праваабарончага супольніцтва ў прызнаньні грамадзянскага актывіста Пятра Іванова асобай, якая перасьледуецца ўладамі паводле палітычных матываў”, - патлумачыў Леанід Сьвецік.

“Калі ў далейшым стануць вядомыя новыя дадзеныя, якія адкрыюць умовы і прычыны выкарыстаньня Івановым гвалтоўных дзеяньняў, праваабаронцы могуць вярнуцца да разгляду пытаньня аб прызнаньні яго палітвязьнем”, - дадае праваабаронца.

Лявон Яфрэменка