Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Верасень 2017

Віцебскі праваабаронца судзіцца зь лекарамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

7 верасьня ў Першамайскім раённым судзе Віцебску пачаўся разбор справы паводле артыкулу 178, ч. 1 Крымінальнага Кодэксу РБ, які прадугледжвае пакараньне за раскрыцьцё лекарскай таямніцы. Прыватным абвінаваўцам выступіў віцебскі праваабаронца, сябра Беларускага Хэльсынскага Камітэту Павал Левінаў.

У дачыненьні да спадара Левінава і была парушаная таямніца. Гэтак, прынамсі, ён сам сьцьвярджае. У сучаснай гісторыі Беларусі падобныя справы здараліся даволі рэдка, калі наогул здараліся. Тым больш калі ўлічыць, што абвінаваўцам выступае прыватная асоба.

На лаве падсудных апынулася участковая лекарка-тэрапэўт і па сумяшчальніцтве загадчыца другога тэрапэўтычным аддзяленьня паліклінікі № 3 гораду Віцебску Ірына Бялова. На думку Паўла Левінава, раскрыцьцё ёю лекарскай таямніцы мела месца падчас судовага працэсу над ім, калі судзьдзя Іна Грабоўская зачытала ў залі суду ў прысутнасьці многіх людзей, у тым ліку і журналістаў, усе яго дыягназы, інфармацыю пра якія на запыт суду падала з паліклінікі менавіта гэтая лекарка.

Нагадаем, Павал Левінаў быў асуджаны 17 красавіка Кастрычніцкім райсудом нібыта за ўдзел у мітынгах «недармаедаў», якія праходзілі ў пачатку вясны ў Віцебску. Сам праваабаронца на працэсе адсутнічаў, бо знаходзіўся на лекаваньні, а яго інтарэсы прадстаўляў родны брат Андрэй.

Зьвяртацца з запытамі ў паліклінікі суды маюць права. Што і зрабіла судзьдзя Грабоўская. Але ў гэтым выпадку яна адправіла запыт, у якім прасіла толькі пазначыць, ці зьвяртаўся ў сакавіку і красавіку Левінаў у паліклініку, паведамляць жа пра дыягназы абвінавачанага яна не прасіла. А Ірына Сьцяпанаўна ня толькі распавяла пра факты звароту ў паліклініку, але і раскрыла ўсе дыягназы праваабаронцы, чым, на яго думку, і парушыла ягоныя правы.

Абвінавачаная Бялова адмовіла сваю віну, а ў сваё апраўданьне заявіла, што толькі выконвала свае непасрэдныя абавязкі і нічога лішняга не паведамляла пра стан здароўя грамадзяніна Левінава.

Згаданы крымінальны артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам або пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю. Шчыра кажучы, ня надта суворае пакараньне для такога сур'ёзнага парушэньня права.

Хутка даведаемся, ці пойдзе судзьдзя Міхаіл Юрчанка, які разглядае гэтую справу, супраць мэдычнай сыстэмы, і ці хопіць яму сілы духу стварыць прэцэдэнт у такойай галіне судовай практыкі ў нашай краіне. Нешта падказвае, што «не». Тым больш, што ў прысутных у залі суду склалася ўражаньне, што судзьдзя спрабуе разваліць справу, а ня высьветліць, ці вінаватая Бялова. Усе хадайніцтвы абвінаваўцы ён адхіліў, а хадайніцтвы падсуднай наадварот падтрымаў. Больш таго, ён задаваў нашмат больш пытаньняў самому Левінаву, а не Бяловай, дык што было не зусім зразумела, хто зь іх абвінавачаны.

Слуханьні па справе працягнуцца 12 верасьня.

Уладзімер Бяляўскі