Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Красавік 2017

Да праваабаронцы прыйшлі органы апекі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Юры Бельскі Юры Бельскі

Да полацкага праваабаронцы Юрыя Бельскага 21 красавіка дахаты прыйшлі прадстаўнікі органа апекі і папячыцельства Полацкага райвыканкаму. Гэта яшчэ адно наступства прыцягненьня грамадзкіх актывістаў да адміністрацыйнай адказнасьці па надуманых абставінах у пэрыяд грамадзянскіх акцыяў, якія прайшлі ў краіне.

Кантроль з боку органаў апекі за ўмовамі жыцьця дзяцей усіх бацькоў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за дробнае хуліганства, прадугледжаны дэкрэтам №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях». Такім чынам, да ўсіх грамадзян, якія маюць непаўналетніх дзяцей, каго суды асудзілі за дробнае хуліганства на падставе прыдуманых абвінавачаньняў міліцыянтаў пра нецэнзурную лаянку, абавязаныя прыйсьці органы апекі.

Вінаваты да набыцьця рашэньнем суду моцы

Прычым праверка ладзіцца, нават калі рашэньне суду яшчэ не набыло моц. Фармальна органы апекі павінны праверыць становішча дзяцей у сям'і. Сем'і грамадзкіх актывістаў, як правіла, пасьпяховыя, і органам апекі такія праверкі прыносяць толькі дадатковыя аб'ёмы працы.

Міліцыя – вінавайца праверак

Юры Бельскі распавёў прадстаўнікам апекі пра абставіны неправамерных дзеяньняў работнікаў Полацкага РАУС, якія абвінавацілі яго ў прыдуманым правапарушэньні.

Службовыя асобы, якія падкінулі працу полацкім органам апекі і папячыцельства, гэта:

  1. Сьледчы Полацкага міжраённага аддзелу сьледчага камітэту (МАСК) Касьцючэнка С.М., якi вынес пастанову пра прымусовы прывод праваабаронцы ў сьледчы камітэт.
  2. Супрацоўнік Полацкага РАУС Мацкевіч С.В., які ажыцьцяўляў дастаўку Юрыя Бельскага ў Полацкі МАСК, чакаў яго там на працягу 2 гадзін 30 хвілін, каб зафіксаваць – раптам праваабаронца будзе нецэнзурна лаяцца ў будынку сьледчага камітэту. Потым напісаць рапарт па надуманых абставінах, даць сьведчаньні і сьведчыць у судзе.
  3. Супрацоўнік Полацкага РАУС Косьцеж А.М., які ажыцьцяўляў дастаўку Юрыя ў Полацкі МАСК, таксама чакаў яго там на працягу 2 гадзін 30 хвілін, каб прысутнічаць падчас прадбачанай лаянцы матам у будынку сьледчага камітэту. Даць сьведчаньні і сьведчыць у судзе, бо трэба два сьведкі.
  4. Судзьдзя суду Полацкага раёну і гораду Полацку Баліка В.І., які прыцягнуў грамадзкага актывіста да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт.17.1 і выявіў, што ў будынку сьледчага камітэту сапраўды вядзецца відэаназіраньне, але не вядзецца відэазапісу. Адпаведна, няма доказаў слушнасьці сьцьвярджэньня Юрыя Бельскага пра яго невінаватасьць. А ня верыць паказаньням супрацоўнікаў міліцыі, якія чакалі лаянцы амаль тры гадзіны, у яго няма падстаў.

Паляўнічыя – не хуліганы

Калі сярод грамадзян, прыцягнутых судом за дробнае хуліганства падчас пратэстаў грамадзкасьці, ёсьць яшчэ і аматары паляваньня, якія маюць зброю, могуць узьнікнуць праблемы з захоўваньнем зброі дома. Законам аб зброі ў Беларусі прадугледжана, што грамадзяне, якія падвяргаліся адміністрацыйнаму спагнаньню за дробнае хуліганства, не маюць права на набыцьцё паляўнічай зброі.

Аляксандар Марозаў