Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Люты 2017

Чыноўнікі забаранілі праваабаронцу казаць віцебчукам пра правы «дармаедаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Тлумачыць палажэньні дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» жыхарам Віцебску праваабаронца Леанід Сьвецік меў намер 15 лютага падчас пікету, заяўку на правядзеньне якога ён падаваў у адміністрацыю Чыгуначнага раёну гораду. Аднак, чакана, заяўку мясцовыя ўлады не задаволілі і пікет забаранілі.

Намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна патлумачыла прычыну забароны банальна: заяўнік, маўляў, не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў, прадугледжаных рашэньнем гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». Вядзецца пра дамовы са службамі ЖКГ, аховы правапарадку і мэдыцыны, якія трэба заключаць загадзя, яшчэ да атрыманьня дазволу на правядзеньне мерапрыемства, што зрабіць, як паказала практыка, немагчыма.

Леанід Сьвецік прадбачыў, што менавіта адсутнасьць дамоваў можа стаць фармальнай прычынай незадавальненьня яго заяўкі. «Адмова на падставе непадачы дамоваў будзе ўспрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў...» – напісаў ён у заяўцы на пікет. Аднак ані гэтыя словы, ані спасылкі праваабаронцы на артыкулы Канстытуцыі, Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох не паўплывалі на вэрдыкт адміністрацыі раёну.

Ужо блізка што восем гадоў згаданае рашэньне гарвыканкаму дае віцебскім мясцовым уладам быццам бы на законных падставах забараняць усе не пажаданыя для іх спробы грамадзян публічна выказаць свае грамадзянскія і палітычныя меркаваньні.

Тым часам падаткавікі, кіруючыся дэкрэтам №3, наконт палажэньняў якога хацеў выказацца віцебскі праваабаронца на пікеце, залічылі ў т.зв. «дармаеды» звыш 450 тысяч жыхароў краіны. Кожны дзясяты зь іх ужо заплаціў прадугледжаны дэкрэтам падатак...

Кастусь Дзьвінскі