Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 29 Студзень 2017

Дэкрэт наконт «дармаедаў» заахвоціў віцебскага праваабаронцу правесьці пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Празь пікет, заяўка на правядзеньне якога пададзеная ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, праваабаронца Леанід Сьвецік мяркуе растлумачыць жыхарам гораду палажэньні дэкрэту прэзыдэнта №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Як распавёў спадар Леанід, цягам апошніх месяцаў колькасьць зваротаў грамадзян, якія просяць мясцовых праваабаронцаў дапамагчы абараніць іхныя правы, рэзка павялічылася. Ды ільвіную дзель такіх зваротаў цяпер складаюць звароты т.зв. «дармаедаў», якім пасьля набыцьця моцы згаданым дэкрэтам прыйшлі «лісты шчасьця» з падатковай.

Пікет заплянаваны на 15 лютага ў парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў. І хоць імпрэза мусіць адбыцца на пляцоўцы, адмыслова адведзенай гарадзкімі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы, вялікая імавернасьць таго, што яна будзе забароненая. Прынамсі, менавіта забарона акцыі – звычайная рэакцыя чыноўнікаў раённых адміністрацыяў на заяўкі наконт пікетаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і г.д., якія рэгулярна падаюцца віцебскімі грамадзянскімі і партыйнымі актывістамі ды праваабаронцамі.

Ад 2009 году традыцыйная прычына такой забароны – заяўнікі, маўляў, не выконваюць патрабаваньняў рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» пра неабходнасьць папярэдняга заключэньня дамоваў на абслугоўваньне акцыяў з шэрагам дзяржаўных службаў. Выканаць гэтае патрабаваньне на практыцы немагчыма – пералічаныя ў гарвыканкамаўскім рашэньні службы патрэбныя дамовы заключаць, як правіла, адмаўляюцца.

«Кіруючыся Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", лёгікай і здаровым сэнсам, дамовы... будуць мною заключаныя толькі ў выпадку дазволу правядзеньня пікетаваньня. Адмова на падставе непрадстаўленьня дамоваў будзе ўспрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў і законных інтарэсаў», – адзначыў Леанід Сьвецік у сваёй заяўцы на пікет, прадбачачы, які адказ на яе ён найхутчэй атрымае.

Кастусь Дзьвінскі