Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 15 Студзень 2017

Полацкая праваабарончая арганізацыя дзейнічае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Полацку ўжо год існуе праваабарончая арганізацыя, створаная мясцовымі юрыстамі. Праваабаронцы ўтварылі аб'яднаньне ў форме простага таварыства, падпісаўшы дамову сумеснай дзейнасьці па аказаньні грамадзянам бясплатнай юрыдычнай дапамогі.

На працягу паўгода юрысты вялі штотыднёвы прыём. Юрыдычныя кансультацыі праходзілі ў офісе Свабоднага прафсаюзу заводу «Шкловалакно», які зьяўляецца сузаснавальнікам «Полацкага праваабарончага таварыства».

Юрыст Юры Бельскі, адзін з заснавальнікаў полацкага аб'яднаньня праваабаронцаў:

– У 2016 годзе ў Полацку была адкрытая праваабарончая арганізацыя з пастаноўкай на ўлік у Полацкай падатковай інспэкцыі. Мэтай гэтай арганізацыі зьяўляецца аказаньне прававой дапамогі насельніцтву гораду Полацку і Полацкага раёну.

У дні прыёму для атрыманьня юрыдычных кансультацыяў да праваабаронцаў прыходзілі па тры-чатыры наведвальнікі.

Распавядае Ўладзімер (які пажадаў, каб яго прозьвішча не агучвалася), адзін з грамадзян, што атрымалі прававую дапамогу ад праваабарончай арганізацыі:

– Я даведаўся пра тое, што тут аказваюць юрыдычную дапамогу ад знаёмых, а пасьля знайшоў інфармацыю ў інтэрнэце. Гэта велізарная дапамога, пацьверджаная маім перакананьнем, што тут будзе аб'ектыўны разгляд маёй праблемы. Я ўжо зьвяртаўся ў юрыдычныя канторы, але ў мяне склалася ўражаньне, што яны маюць нейкую змову з судамі. Іх юрысты баяцца ўзяць на сябе адказнасьць.

Сярод заснавальнікаў полацкай праваабарончай арганізацыі юрыст Мікола Шарах:

– Таварыства – не найлепшая форма працы праваабарончай арганізацыі дзеля дапамогі грамадзянам, але рэальная для сучаснай Беларусі, выкарыстоўваючы якую можна аказваць грамадзянам дапамогу ў абароне іх правоў. Год працы нашай арганізацыі паказаў, што юрыдычная падтрымка запатрабаваная ў грамадзтве. Досыць шмат людзей, якія ня ведаюць, куды зьвярнуцца, якім чынам паўплываць на дзяржаўныя органы. Альбо ў грамадзян няма грошай, каб пайсьці ў юрыдычную кансультацыю і атрымаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу. Таму зьвяртаюцца да нас.

Ёсьць шмат выпадкаў, калі мы вызвалілі суды ад лішняй працы, вырашыўшы праблему грамадзян у дасудовым парадку. Мяркую, што такая праваабарончая дзейнасьць павінна весьціся не за наш кошт, а дзяржава павінна дапамагаць і фінансаваць такую ​​дзейнасьць, каб распаўсюджваць прававую інфармацыю, аказваць дапамогу маламаёмасным грамадзянам, у якіх няма магчымасьці зьвярнуцца ў платныя юрыдычныя канторы.

Адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі зьяўляецца пяршоўка Свабоднага прафсаюзу Беларускага, дзякуючы якой мы маглі выкарыстоўваць закон аб прафсаюзах, каб дапамагаць грамадзянам па працоўных пытаньнях, бясплатна прадстаўляць іх інтарэсы ў судзе. Многія людзі, што зьвярталіся да нас, выказалі жаданьне ўступіць у Свабодны прафсаюз.

Устаноўцамі – заснавальнікамі праваабарончага таварыства былі трое юрыстаў, якія скончылі дадатковыя курсы па імплемэнтацыі міжнародных стандартаў па правох чалавека. Для аказаньня бясплатнай юрыдычнай дапамогі наша арганізацыя прыцягвала і іншых юрыстаў – гэта не забараняецца заканадаўствам і нашай дамовай, бо гэта не камэрцыйная дзейнасьць. Гэта, хутчэй, сацыяльная праца, таму аказвалі прававую дапамогу і іншыя юрысты.

Дзейнасьць праваабарончай арганізацыі працягваецца. Нумары тэлефонаў нашых юрыстаў засталіся ў людзей. Тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе, тэлефануюць, шмат кансультацыяў праводзіцца праз тэлефон.

Аляксандар Марозаў