Друкаваць гэтую старонку
Субота, 10 Снежань 2016

Яшчэ адзін пікет у Дзень правоў чалавека забаронены ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

10 сьнежня адзначаецца ва ўсім сьвеце як Дзень правоў чалавека. У гэты дзень 68 гадоў таму Генасамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Чарговую заяўку на пікет у гэты дзень у Віцебску падаваў у мясцовыя органы ўлады праваабаронца Леанід Сьвецік. І – прадказальна: заяўка не задаволеная, пікет – забаронены.

Прычына забароны імпрэзы стандартная для Віцебску: заяўнік не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў са службамі ЖКГ, мэдыцыны і аховы правапарадку. Такіх дамоваў вымагае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году. Ад моманту набыцьця моцы названым рашэньнем нікому з грамадзкіх ці апазыцыйных палітычных актывістаў «паўночнай сталіцы» не ўдалося пераадолець гэты бар'ер, бо службы, пералічаныя ў рашэньні, усяляк ухіляюцца ад заключэньня неабходных дамоваў.

Раней, як паведамлялася, іншы праваабаронца зь Віцебску, Павал Левінаў, таксама атрымаў забарону на правядзеньне пікетаў, прымеркаваных да 10 сьнежня. Падставай таксама стала рашэньне № 881.

Пра забарону праводзіць пікет спадар Сьвецік даведаўся з афіцыйнага ліста за подпісам Натальлі Ляпёшкінай, намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Калі б у Беларусі існавала прэмія для чыноўнікаў за тое, што яны забаранілі грамадзянам найбольшую колькасьць масавых мерапрыемстваў, Ляпёшкіна, бадай, стала б галоўным прэтэндэнтам на атрыманьне ўзнагароды.

Цяпер праваабаронца Леанід Сьвецік стаіць перад выбарам. Ён можа ўсё-такі правесьці заяўлены пікет, нягледзячы на забарону Ляпёшкінай, і стаць парушальнікам адміністрацыйнага кодэксу, як яго разумеюць міліцыянты і судзьдзі Віцебску. Альбо можа распавесьці віцебчукам пра дэклярацыю правоў чалавека, прынятую ААН (сярод заснавальнікаў якой была і Беларусь), пра важнасьць гэтага дакумэнту нейкім іншым спосабам.

Кастусь Дзьвінскі