Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 23 Студзень 2014

Віцебскія ўлады пачулі праваабаронцу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Каб станоўча адрэагаваць на прапанову Леаніда Сьвеціка, уладам Віцебску спатрэбіўся амаль цэлы год. Але ў выніку праблемы, зьвязаныя зь бясьпекай жыхароў некалькіх двароў, на якія праваабаронца зьвярнуў увагу чыноўнікаў выканкаму, вырашаныя.

Леанід Сьвецік накіраваў свой зварот у Віцебскі гарвыканкам яшчэ напрыканцы 2012 году. У той час у дварох дамоў №№ 1, 1a і 3 па вуліцы Леніна ішло будаўніцтва вочнай клінікі. У сувязі з будаўніцтвам, на прылеглай тэрыторыі ўзрос рух транспарту, і праваабаронца прапанаваў уладам зрабіць шэраг захадаў, каб засьцерагчы жыхароў ад узрослай небясьпекі.

У прыватнасьці, прапанавалася арганізаваць асьвятленьне ў згаданых дварох ў цёмны час сутак, паставіць дарожны знак «Асьцярожна, дзеці» на ўездзе ў гэтыя двары з боку вуліцы Хмяльніцкага, усталяваць «ляжачага паліцыянта» ля ўваходнай брамкі дзіцячага садка, што знаходзіцца паблізу, ды зрабіць непраезнай арку дому № 1a па вуліцы Леніна.

Чыноўнікі гарвыканкаму прызналі слушнасьць аргумэнтаў Леаніда Сьвеціка і накіравалі распараджэньні адпаведным арганізацыям, каб рэалізаваць яго прапановы. Але спатрэбіўся час. Тым ня менш вынік ёсьць: «Гарсьвятло» паставіла ліхтары ў дварох, на дарозе ля дзіцячага садку № 36 зьявіўся элемэнт прымусовага зьніжэньня хуткасьці, а побач даішнікі ўсталявалі знак «Асьцярожна, дзеці».

Такім чынам, маем прыклад таго, як неабыякавасьць грамадзяніна спрычынілася да вырашэньня лякальных праблемаў жыхароў. Гэта паказвае, што ня варта заплюшчваць вочы на гэткія праблемы: актыўнасьць грамадзян сапраўды можа зьмяніць навакольле ды зрабіць жыцьцё кожнага з нас больш камфортным і бясьпечным.