Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Снежань 2021

Гаспадар БЧБ-хаты Анатоль Каханчык трапіў у шпіталь – ён трымаў галадоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Анатоль Каханчык Анатоль Каханчык

Жыхар Полацку Анатоль Каханчык, асуджаны 21 снежня на 25 сутак арышту за расфарбоўку сваёй хаты ў бел-чырвона-белыя колеры (арт. 24.23 КаАП), трапіў у шпіталь. Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны». Паводле іх звестак, Каханчык пасля абвяшчэння прысуду абвясціў сухую галадоўку. Праз некалькі дзён галадоўкі яму стала кепска, ён трапіў у лякарню.

Праваабаронцы паведамілі, што Анатоля Каханчыка пасля суду перавялі адбываць пакаранне з Полацку ў Віцебск. Каханчык, як і папярэджваў, трымаў сухую галадоўку. Але праз гэта пагоршыўся стан ягонага здароўя – пачаліся сутаргі, рвота, моцна павысіўся ціск. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі ў Віцебску і збіраецца спыніць галадоўку.

Анатоль Каханчык быў затрыманы 20 снежня, калі сам пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. Раней Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе БЧБ-хату ў нейтральныя колеры.

У 2020 годзе Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. У лістападзе яго зноў судзілі і прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) – пакаралі за гэта 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Янка Прас