Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Жнівень 2021

Меркаванне праваабаронцы: Ігара Банцэра «рыхтуюць» да турэмнага зняволення па арт. 411

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Ігар Банцэр Ігар Банцэр

Гарадзенскі музыка Ігар Банцэр, які адбывае крымінальны тэрмін паводле арт. 339 КК («Хуліганства») у віцебскай папраўчай установе адкрытага тыпу №9, мусіў сёння выйсці з ШІЗА пасля 20 сутак пакарання. Аднак гэтага не адбылося. Паводле атрыманай з розных крыніц інфармацыі, палітвязню дадалі яшчэ 10 сутак. У ШІЗА Ігар Банцэр быў змешчаны адміністрацыяй пасля двух парушэнняў рэжыму.

«Віцебская вясна» спраўдзіла інфармацыю ў праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага. Ён паведаміў, што адміністрацыя папраўчай установы, хутчэй за ўсё, «рыхтуе» Ігара Банцэра да турэмнага зняволення паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). Праваабаронца не змог пацвердзіць інфармацыю пра чарговыя дзесяць сутак ШІЗА для палітвязня, але лічыць, што такая сітуацыя цалкам магчымая.

«Так працуе гэтая іхная сістэма. Калі пастаўленая задача асудзіць па арт. 411, то натуральна, што тэрмін у ШІЗА накідваюць. Тут нічога дзіўнага няма. Яго рыхтуюць на 411-ты канкрэтна», – сказаў Міхаіл Жамчужны.

Нагадаем, Ігара Банцэра асудзілі за вулічны перфоманс, зладжаны ўначы з 4 на 5 верасня 2020 году. Музыка ўчыніў скокі перад міліцэйскай машынай у ружовых шортах, якія затым скінуў, застаўшыся ў стрынгах. Той перфоманс расцанілі як хуліганства, прысудзіўшы Банцэру паўтара года «хіміі».

Ян Ластаўка