Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Жнівень 2021

Палітвязень Ігар Банцэр змешчаны ў штрафны ізалятар

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Некалькі віцебскіх тэлеграм-каналаў паведамілі пра тое, што на гарадзенскага музыку і грамадзянскага актывіста Ігара Банцэра, які адбывае крымінальнае пакаранне ў віцебскай папраўчай установе адкрытага тыпу №9, адміністрацыяй установы складзены другі пратакол аб парушэнні рэжыму знаходжання.

У цяперашні час Ігар Банцэр змешчаны ў ШІЗА, дзе ён  адбывае 10 сутак за парушэнне рэжыму. Паводле новага пратаколу, яму таксама пагражае пакаранне ў выглядзе знаходжання ў ізаляцыі да дзесяці сутак.

Нагадаем, музыку і лідара гурту Mister X Ігара Банцэра судзілі за вулічны перфоманс, які ён зладзіў у ноч з 4 на 5 верасня - танчыў ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуў шорты і застаўся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу РБ.

Пад вартай Ігар Банцэр знаходзіцца ад 20 кастрычніка 2020 году. На самым пачатку судовага працэсу 3 сакавіка 2021 году ён абвясціў сухую галадоўку. На папярэднім пасяджэнні 18 сакавіка пракурор прапанаваў пакараць Банцэра паўтара гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Суддзя Наталля Козел пагадзілася з прапановай дзяржаўнага абвінаваўцы і прысудзіла Банцэру паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія").

15 сакавіка 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала Ігара палітзняволеным. На думку праваабаронцаў, кваліфікацыя дзеянняў Ігара Банцэра як крымінальнага злачынства (хуліганства) і ягонае ўтрыманне пад вартай на працягу некалькіх месяцаў ёсць абсалютна непрапарцыйнай мерай, што сведчыць аб палітычных матывах пераследу музыкі з боку беларускіх уладаў.

Міхась Пісараў