Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Жнівень 2021

Палітзняволеная Юлія Кашаверава папрасіла аб памілаванні

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Палітзняволеная Юлія Кашаверава, асуджаная на паўтара года калоніі паводле ч.1 арт. 339 КК (Хуліганства), накіравала ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі, прашэнне аб памілаванні. Пра гэта паведаміў яе бацька.

Варта нагадаць, што Юлію Кашавераву судзілі за тое, што падчас мірнай акцыі пратэсту ў Віцебску 4 кастрычніка 2020 году яна нібыта сарвала маску і форменную кепку з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім бусе. Кашаверава віну прызнавала часткова. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, яна не стрымалася і нанесла тры ўдары па заднім дзвярам міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых дзвярах удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.

Пракуратура патрабавала для яе 6 гадоў зняволення. 

«4 кастрычніка ў натоўпе я ўбачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён свядомасць, і дапамагчы. У гэты момант я ўспомніла маці, за жыццё якой змагалася ўся сям'я... Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я здзейсніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» - казала Кашаверава ў сваім апошнім слове.

23 лютага 2021 года суддзя Сяргей Будрэвіч прысудзіў Юліі 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. 4 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу Кашаверавай і прысуд пакінуў без зменаў.

Юлія Кашаверава адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №4 у Гомлі.

Віталь Кажух