Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Май 2023

Віцебскаму актывісту Уладзіміру Булаўскаму прысудзілі два гады зняволення ў калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Судовы працэс праходзіў у Першамайскім райсудзе Віцебска. Суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Булаўскага вінаватым у адпаведнасці з артыкулам 342-2 Крымінальнага Кодэксу (Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Бок абвінавачвання напярэдадні запрасіў для актывіста пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд вырашыў пакараць Булаўскага двума гадамі зняволення.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Уладзімір Булаўскі двойчы цягам году прыцягваўся да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці, за парушэнне за парушэнне арт. 24.23 КаАП ён быў асуджаны на 15 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне 28 лютага 2022г. - за тое, што выйшаў з жоўта-блакітнай стужкай на адзенні ў цэнтр Віцебску. Пазней на 30 сутак за пікетаванне без дазволу мясцовых уладаў Булаўскі быў асуджаны і 7 ліпеня 2022г. - за фотаздымак групы людзей з бел-чырвона-белым сцягам, размешчаны ў сацыяльных сетках.

Падчас затрыманняў у Булаўскага забіралі мабільныя тэлефоны, і праз гэтыя прылады следства выявіла, што цягам некалькіх гадоў, пачынаючы з 2014г., ён больш за 20 разоў размяшчаў на сваіх старонках у розных сацыяльных сетках «графічныя вырабы з выявамі асобаў і незарэгістраванай сімволікай – бел-чырвона-белым сцягам». З гэтага следства зрабіла высновы, што віцебскі актывіст і арт-менеджэр «меў злачынны намер публічна выражаць свае асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы». Аднак Булаўскі тлумачыў, што да некаторых сваіх старонак ужо шмат часу не мае доступу, і не можа адказваць за кантэнт, які там мог з“явіцца без ягонага ўдзелу. Што да іншых публікацый, то ён не аспрэчваў, што яны былі зроблены ім асабіста. Але свае віны ў тым, што такім чынам праводзілася пікетаванне, Уладзімір Булаўскі не прызнаў.

Уладзімір Булаўскі, вядомы ў Віцебску арганізатар выступаў беларускіх выканаўцаў і гуртоў, быў затрыманы 14 снежня мінулага году і асуджаны да 15 сутак арышту паводле абвінавачання ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але на волю ён не выйшаў: супраць яго распачалі крымінальную справу і перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Падчас знаходжання за кратамі віцебскі актывіст і арт-менеджар даведаўся, што ў яго памёр бацька, аднак на пахаванне яго не адпусцілі. 6 лютага беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіміра Булаўскага палітычным зняволеным.

Жанна Жалейка