Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Люты 2023

У калонію «Віцьба-3» трапіў яшчэ адзін палітвязень – Алесь Папковіч

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Па інфармацыі праваабаронцаў, у віцебскую калонію №3 Алеся Папковіча перавялі яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі, і на той момант яго прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Палітвязня асудзілі 5 снежня 2022 г. у судзе Заводскага раёну Менску. Суддзя Дзмітрый Астапенка прызначыў хлопцу два гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. І ўжо ў студзені Алесь Папковіч апынуўся ў «Віцьбе-3», прычым адразу ў  памяшканне камернага тыпу. Па выніку разгляду апеляцыі, хлопца перавялі на каранцін у той самай калоніі, бо прысуд пакінуты без зменаў. Агулам у віцебскай ПК №3 ўтрымліваюцца 90 палітзняволеных.

Алеся Папковіча разам з малодшым братам Янам затрымалі 2 верасня мінулага года ў Менску. Вядома, што браты планавалі з’ехаць у Польшчу, аднак за дзень да адʼезду былі затрыманыя сілавікамі, якія прыйшлі з ператрусам па месцы жыхарства Яна Папковіча. Падчас затрымання Яна моцна збілі, а Алесь быў затрыманы, бо на той момант зайшоў да брата ў кватэру.

Абодвух братоў абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага Кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), Яна Папковіча – яшчэ й паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы»).

Доказам супраць Алеся Папковіча сталі фотаздымкі з пратэстаў, знойдзеныя ў тэлефоне, дзе ён з братам і ягонай жонкай стаяць на праезнай частцы. Ян Папковіч пакуль не асуджаны, яго ўтрымліваюць у менскім СІЗА №1.

Таццяна Віктарава