Друкаваць гэтую старонку
Серада, 15 Люты 2023

Улады залічылі палітвязня Сяргея Грыбовіча у спіс “тэрарыстаў”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". У пералік быў залічаны жыхар Докшыцаў палітвязень Сяргей Грыбовіч, асуджаны за намер паехаць ваяваць ва Украіну супраць расейскіх войскаў. Ён стаў 267-мым беларусам, якіх улады лічаць “тэрарыстамі”.

Сяргей Грыбовіч з Віцебшчыны. Ён быў затрыманы на пачатку сакавіка 2022 года паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і 361-3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

У "пакаяльным відэа" мужчына заявіў, што запоўніў анкету ў Telegram, каб паехаць ваяваць ва Украіну супраць расійскіх войскаў. Яго змясцілі ў віцебскае СІЗА-2.

У Віцебскім абласным судзе 4 лістапада 2022 г. пачаўся разгляд крымінальнай справы палітвязня. Грыбовічу ў выніку выставілі абвінавачванні паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-3 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім). Грыбовіча накіравалі на псіхіятрычную экспертызу. 

27 студзеня 2023 г. суддзя Віцебскага абласнога суда Яўген Буруноў прызнаў палітвязня вінаватым і пакараў яго зняволеннем на тэрмін чатыры з паловай гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафам у памеры 7 000 рублёў.

Каб патрымаць палітзняволенага, треба дасылаць лісты на адрас: СІЗА-2. вул. Гагарына, 2, 210026, Віцебск.  Сяргею Міхайлавічц Грыбовічу. 

Іван Чайка