Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 13 Люты 2023

Палітвязня Яўгена Рубашку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Анархіста Яўгена Рубашку, які родам з Глыбокага, і якога ў красавіку 2022 года асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі, змясціла ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на месяц. Ён адбывае сваё пакаранне ў бабруйскай калоніі № 2. Да гэтага хлопца тройчы змяшчалі ў ШІЗА на 10, 7 і 7 сутак за надуманыя парушэнні правілаў унутранага распарадку.

Палітвязень быў затрыманы 29 ліпеня 2021 года ў Менску. Тады ў яго кватэры сілавікі зладзілі ператрус, а самаго Яўгена пры затрыманні збілі. Патрабуючы доступу да тэлефона і камп'ютара,  хлопцу нацягвалі нават на галаву пакет, і ён ледзь не задыхнуўся. Яму было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Пасля яму разам з іншымі анархістамі (Аляксандрам Бяловым і Арцёмамі Салаўямі) былі прад'яўленыя новыя абвінавачванні па ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні.

Судовы працэс па іх справе быў закрытым і адбыўся 22 красавіка 2022 года. Суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прысудзіў Яўгену Рубашку, Аляксандру Бялову, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.

На пачатку Яўгена Рубашку з СІЗА-1 этапавалі ў турму № 4. У канцы ліпеня 2022 года палітвязня перавялі ў ПК № 2 г. Бабруйска. У жніўні 2022 г. МУС унёс палітвязня ў "Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Падтрымаць палітвязня можна лістамі і паштоўкамі салідарнасці: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Яўгену Аляксандравічу Рубашку.

Інга Сташэўская