Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 03 Люты 2023

Менскі СІЗА перапоўнены, таму палітвязня Васіля Бераснева перавялі ў Магілёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Васіль Бераснеў, праваабаронца і лідар аршанскай філіі незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), выканаўца абавязкаў старшыні прафсаюзу РЭП, асуджаны да да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, нечакана знік з Менскага СІЗА. У гэтай установе ён мусіў знаходзіцца пасля суду, пакуль ідзе час абскарджання прысуду і пакуль не будзе прынята рашэнне наконт месца адбыцця пакарання. Праз колькі дзён праваабаронцы высветлілі, што 73-гадовага палітвязня перавялі ў Магілёў.

Прычына пераводу палягала ў тым, што СІЗА ў г.Менску перапоўнены, а гэта сведчыць пра надзвычайную актыўнасць сілавікоў у пошуках апанентаў дзейнай улады. Дарэчы, высветлілася, што разам з Васілём Берасневым у Магілёўскі СІЗА быў пераведзены і былы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

5 студзеня Бераснева прызналі вінаватым у закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу). Генадзь Фядыніч быў таксама асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле такіх самых артыкулаў Крымінальнага Кодэксу.

Васіля Бераснева і Генадзя Фядыніча затрымалі 19 красавіка 2022 г., разам з імі быў затрыманы палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вячаслаў Арэшка. Паводле рашэння суду, дзе разбіраліся справы ўсіх трох прафсаюзных актывістаў, Арэшку належыць адбыць 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Цяпер ён па-ранейшаму знаходзіцца ў Менскім СІЗА.

Падтрымаць аршанца Васіля Бераснева лістамі можна, напісаўшы на адрас: 212011, СІЗА турмы №4, вул. Крупскай 99-А, г.Магілёў. Берасневу Васілю Ціханавічу.

Юрка Жмых