Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 09 Снежань 2022

Выйшаў на волю ўжо былы віцебскі палітвязень Алег Баразна

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Актывіст ініцыятывы «Страна для жизни» быў асуджаны на 2 гады і 3 месяцы паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту). Праваабарончая супольнасць далучыла яго да шэрагу палітвязняў, бо падставай для ўвагі сілавікоў стала менавіта грамадская актыўнасць Алега Баразны, а ягоныя дзеянні ў адносінах да наркотыкаў, за выключэннем выяўленых і вынятых у яго 0,0057 г марыхуаны, не былі даказаныя. Таму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, прызначанае А. Баразну пры такіх акалічнасцях, зʼяўляецца празмерна жорсткім, лічаць праваабаронцы.

Алег Баразна трапіў пад міліцэйскі пераслед у 2020-м годзе, калі садзейнічаў кампаніі «Страна для жизни» у Віцебску, ладзіў перадвыбарчыя пікеты Святланы Ціханоўскай, на знак салідарнасці хадзіў на суды затрыманых падчас мірных пратэстных шэсцяў. За гэта ім паводле адміністрацыйных пратаколаў выносілі шматлікія штрафы і «давалі суткі» – як удзельнікам «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў». У жніўні 2020 году падчас выбараў іх кінулі за краты ізалятару часовага ўтрымання.

Паводле праваабаронцаў, памяшканне, якое належала сябру і аднадумцу Алега, Аляксандру Мацеюку, знаходзілася пад аператыўным наглядам, і аператыўнікі мелі магчымасць весці відэа- і аўдыёзапіс таго, што адбываецца ўнутры, а потым таемна сачыць за тымі, хто туды наведваўся.

Праслухоўванне тэлефонаў, а таксама аўдыё- і відэаназіранне за Аляксандрам Мацеюком і Алегам Баразной вялося ад лістапада 2020 году, і толькі паўгода міліцыянты знайшлі падставы для затрымання, а практычна праз год адбыўся суд. У судзе віна Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка не была адназначана даказаная. Але Аляксандру Мацеюку прысудзілі 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, Алегу Баразне – 2 гады і 3 месяцы. Гэты тэрмін ён адбыў з улікам часу ўтрымання ў СІЗА-2.

Станіслаў Іваноўскі