Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 01 Верасень 2022

Рыхтуецца да друку каляндар з малюнкамі палітвязня Паўла Севярынца

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра намер выдаць каляндар на 2023г. з малюнкамі, якія Павел Севярынец дасылае з-за кратаў, паведаміла ў Фэйсбуку ягоная жонка Вольга. Паводле Вольгі Севярынец, зняволены палітык і моладзевы лідар даслаў з калоніі не адзін дзясятак выяваў розных храмаў Беларусі, і неўзабаве частка гэтых малюнкаў станецца ілюстрацыямі да папяровага календара.

Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га году, летась у траўні ён быў асуджаны паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму «за арганізацыю масавых беспарадкаў». Жонка дасылае палітвязню каляровыя алоўкі і асадкі з чорным стрыжнем. Менавіта ў такой тэхніцы намаляваны храмы – помнікі беларускай архітэктуры. Паводле ініцыятывы родных і сваякоў, з друку ўжо выйшлі два наборы паштовак з малюнкамі Паўля Севярынца, якія ён перыядычна дасылае дадому – «Беларусь – гэта святое», і «У сэрцы Беларусь». Гэтыя паштоўкі можна набыць у беларускай хрысціянскай інтэрнэт-краме Kroplia.by.

Таксама ў часе зняволення вядомы палітвязень, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пісьменнік Павел Севярынец склаў хрысціянскую віктарыну. Яна складаецца з 330 пытанняў, прысвечаных цікавым фактам, вядомым людзям, значным гістарычным падзеям.

Ахвотныя могуць падтрымаць Паўла Севярынца лістамі, даслаўшы іх на адрас: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Севярынцу Паўлу Канстанцінавічу.

Таццяна Віктарава