Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 21 Сакавік 2022

Выйшаў на волю палітвязень Мікалай Чарняўскі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікалай Чарняўскі Мікалай Чарняўскі

15 снежня 2020 году суд Гарадоцкага раёну асудзіў 33-гадовага рабочага Мікалая Чарняўскага на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Аляксандр Ляшковіч прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 365 КК («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). Мікалай Чарняўскі цалкам адбыў прысуджаны тэрмін і выйшаў на волю.

Жыхар Гарадку Мікалай Чарняўскі быў асуджаны за тое, што 22 жніўня 2020 году пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў каментар, у якім нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, а таксама пагражаў апублікаваць ягоныя асабістыя звесткі.

У дзень суду маці асуджанага ў размове з «Віцебскай Вясной» запэўніла, што ніякіх пагрозаў яе сын у інтэрнэце не выказваў і ў дзейнасць супрацоўніка не ўмешваўся, а што да знявагі, то была ўжытая фраза «ур...д в погонах». Прычым гэта было сказана не на адрас канкрэтнага чалавека, а ў размове з кімсьці ў чаце.

На судзе Мікалай Чарняўскі папрасіў прабачэння за гэтыя словы. Але супрацоўнік міліцыі заявіў: «Як чалавек я табе прабачаю, але як міліцыянт – не». Таксама пацярпелы прасіў суд задаволіць пазоў аб кампенсацыі за маральную шкоду – 500 рублёў. Гэтую суму яму заплацілі яшчэ да абвяшчэння прысуду.

Пад вартай асуджаны знаходзіўся яшчэ з лістапада 2020 году – яго затрымалі да суду і змясцілі ў віцебскі СІЗА. Месцам адбыцця пакарання была прызначана бабруйская калонія №2. 22 студзеня 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Чарняўскага палітвязнем.

Падчас знаходжання ў калоніі жыхар Гарадку меў праблемы з ліставаннем: ягоная маці распавядала «Віцебскай вясне», што да сына не даходзяць лісты з дому. А таксама пра тае, што ўвесну 2021-га яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання і змясцілі ў ШІЗА за тое, што нібыта быў дрэнна паголены.

Феліцыян Красоўскі