Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Жнівень 2021

Віцябляніна Юрыя Серабро прызналі палітвязнем. Ён асуджаны на паўтара года калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Падчас суду Падчас суду

23 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала шэраг грамадзян Беларусі, асуджаных па розных крымінальных артыкулах, палітычнымі зняволенымі. Сярод іх – 41-гадовы жыхар Віцебску Юры Серабро, які за каментар у сацсетцы на адрас Лукашэнкі быў асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК («Публічная абраза прэзідэнта РБ») на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Сумесную заяву прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці падпісалі 9 праваабарончых арганізацый.

Юры Серабро быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску 13 жніўня 2021 году. Суддзі Сняжане Кіндзеевай хапіла ўсяго 40 хвілін, каб цалкам разабраць крымінальную справу і прыняць такое рашэнне. На судзе мужчына прызнаў сваю віну і ад паслуг адваката адмовіўся. Падставай для судовага разбору паслужыў каментар у сацыяльнай сетцы «Інстаграм» пад постам у групе «Тыповы Віцебск», які Юры пакінуў 1 сакавіка 2021 году. У ім ён параўнаў прэзідэнта Лукашэнкі з д'яблам, напісаўшы, што ён «Люцыфер у абліччы чалавека».

На працэсе суддзю цікавілі палітычныя погляды абвінавачанага.

«Нейкая асабістая непрыязь у вас ёсць да прэзідэнта?» – запытвала Кіндзеева. «Не», – апраўдваўся Юры. І тлумачыў, што напісаў каментар на эмоцыях, бо ў краіне няма для яго працы і даводзіцца «жыць за капейкі». У Расею ж, куды ён ездзіў працаваць раней, яго не пускаюць праз пандэмію.

«Разумееце, што так рабіць нельга?» – пыталася суддзя. «Зразумеў, калі за мной прыехаў ГУБАЗіК», – адказаў Серабро. Ён таксама тлумачыў, што ў пратэставых акцыях не браў удзелу і сцягоў удома не трымае, палітычнымі працэсамі не цікавіўся.

«Гэта адзінае што вы зрабілі?» – удакладніла суддзя. «Так, на эмоцыях», – адказаў сп. Юры.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі палічылі гэты судовы працэс, а таксама сам прысуд «палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання». Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Юрыя Серабро, як і астатніх грамадзян, прызнаных палітычнымі зняволенымі.

Уладзімір Бяляўскі