Друкаваць гэтую старонку
Субота, 01 Май 2021

«Яго там на ланцугу вадзілі». У якіх умовах утрымліваюць хворага на рак палітвязня Уладзіміра Малахоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Уладзімір Малахоўскі падчас суду Уладзімір Малахоўскі падчас суду

Хворы на анкалогію палітвязень Уладзімір Малахоўскі знаходзіцца ў віцебскім СІЗА амаль паўгода. 25 траўня абласны суд разгледзіць ягоную скаргу на рашэнне суду Першамайскага раёну, які прызнаў яго вінаватым у гвалце да міліцыянтаў і асудзіў да трох з паловай гадоў калоніі.

Нагадаем, што Уладзіміра Малахоўскага затрымалі ў цэнтры Віцебску 13 верасня 2020 году падчас разгону мірнага шэсця. Пры затрыманні яго моцна збілі і зламалі палец. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі віцябляніна аштрафавалі на 4 базавыя велічыні, але адначасна распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС). Пасля 6 дзён за кратамі Малахоўскага на час следства выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Але ў студзені 2021-га, незадоўга да пачатку судовага разбору, зноў арыштавалі.

На судзе Уладзімір заявіў, што на акцыі ні з кім у бойку не ўступаў, пры затрыманні супраціву міліцыянтам не чыніў. Наадварот, гэта на яго напалі некалькі супрацоўнікаў, і ён, каб не ўпасці, ухапіўся за кагосьці рукамі. У аўтазаку ў яго знайшлі газавы балончык, які супрацоўнік міліцыі тут жа забраў і выпадкова націснуў на яго. Калі пырснуў газ, міліцыянт пачаў крычаць, што яго хочуць атруціць. Вінаватым сябе Уладзімір не прызнаў і заявіў, што доказы фальсіфікаваныя. Суддзя Таццяна Родзіна гэтыя сведчанні, па сутнасці, праігнаравала. Вырак: тры з паловай гады калоніі.

«Сядзіць у кайданках на ланцугу і са мной размаўляе»

Ірына, жонка палітвязня, за час знаходжання яго ў СІЗА змагла атрымаць спатканне з мужам 5 разоў. Дваіх няпоўнагадовых дзяцей на спатканні з татам не пусцілі. Паводле адміністрацыі, гэта не дазволена.

«Ён на ланцугу там! Кажа, артыкул такі. Сядзіць у кайданках на ланцугу і са мной праз трубку размаўляе. На ланцугу, разумееце? І ў кайданках. Наагул, гэта як? Як быццам ён уцячы можа кудысьці!» – абураецца Ірына.

Вазілі на абследаванне ў шпіталь

Па яе словах, Уладзімір прайшоў курсы хіміятэрапіі, і яму неабходна пастаянна прымаць розныя лекі і рэгулярна праходзіць медычны агляд. Ірына напісала ліст у дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай, каб яго накіравалі на абследаванне ў анкацэнтр. Да просьбы прыслухаліся: 14 красавіка Уладзіміра адвозілі ў анкалагічны цэнтр.

«Мы прыехалі з сястрой а 12-й гадзіне, бо ў яго талон быў на гэты час, і там ён павінен быў быць. Але яны яго зранку прывезлі вакольнымі шляхамі, каб ніхто не бачыў яго. На ланцугу яго там вадзілі, ён мне потым пра гэта напісаў», – падзялілася Ірына.

Накіроўваюць на МРЭК

Жонка вельмі турбуецца, што ўмовы ўтрымання ў ізалятары могуць пагоршыць стан здароўя яе мужа. З яе слоў, у яго пастаянна нямеюць рукі і ногі. «Там нельга ляжаць, адразу стукаюць палкай у дзверы, не даюць прылегчы», – абураецца Ірына Малахоўская.

Апроч таго, у камеры, у якой знаходзіцца восем чалавек, увесь час паляць, Уладзімір перахварэў нядаўна на бранхіт і моцна кашляе.

Жонка палітвязня расказвае, што Уладзімір атрымлівае шмат лістоў падтрымкі з волі – ад розных людзей з усіх куткоў Беларусі. Але адказаць усім не паспявае. Сама Ірына атрымала за ўвесь час ад мужа каля 15 лістоў.

Ірына кажа, што неўзабаве Уладзіміра мусяць накіраваць на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (МРЭК). Жонка мяркуе, што яму хочуць перагледзець групу інваліднасці і пазбавіць пенсіі. У гэтым выпадку з грашыма стане зусім цяжка. Заробак самой Ірыны – усяго 370 рублёў. Трэба глядзець за дзецьмі, купляць лекі для мужа і харчы для перадач. Апроч таго, трэба выплачваць 3000 рублёў кампенсацыі «пацярпелым» міліцыянтам

Падтрымайма жонку палітвязня!

Ірына Малахоўская не вельмі верыць у тое, што Віцебскі абласны суд зменіць прысуд, але надзеі і сілы духу не губляе.

Скаргу Уладзіміра Малахоўскага Віцебскі абласны суд будзе разглядаць 25 траўня (пачатак у 12.30). Заклікаем выказаць салідарнасць і падтрымаць жонку палітвязня.

Кантакты для сувязі з Ірынай Малахоўскай маюцца ў рэдакцыі «Віцебскай Вясны». Пішыце нам паведамленні на старонцы ў Фэйсбуку.

Уладзімір Бяляўскі