Друкаваць гэтую старонку
Серада, 04 Сакавік 2020

У Віцебскім СІЗА-2 не дазволілі зрабіць перадачу для Жамчужнага і адмовілі ў спатканьні

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў і Леанід Сьвецік зьвярнуліся з просьбай да адміністрацыі СІЗА №2 даць ім кароткатэрміновае спатканьне з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным, а таксама дазволіць зрабіць для яго перадачу і пералічыць на ягоны асабісты рахунак сродкі. Праваабаронцам далі дазвол толькі на пералік грошай.

Праваабаронцы зь Віцебску Павал Левінаў і Леанід Сьвецік 3 сакавіка сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі СІЗА №2, у якім зараз знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Яны прасілі даць ім кароткатэрміновае спатканьне з Жамчужным, а таксама дазволіць перадаць харчовую і рэчавую перадачы ды пералічыць для палітвязьня грошы. Адказ быў атрыманы на наступны дзень. Па тэлефоне праваабаронцам паведамілі, што пераказ грашовых сродкаў на асабісты рахунак Міхаіла Жамчужнага зрабіць можна, а вось спатканьне і перадачы – забароненыя.

Апошнюю перадачу атрымліваў у 2016-м

Леанід Сьвецік раней ужо спрабаваў перадаць пасылку для палітвязьня ў Віцебскі СІЗА, але яму адмовілі – з прычыны, што не зьяўляецца блізкім сваяком Жамчужнага.

«Апошні раз палітвязень змог скарыстацца сваім правам на атрыманьне перадачы ажно ў верасьні 2016 году. Цяпер, адмаўляючы яму атрымліваць пасылкі, адміністрацыя Віцебскага абласнога СІЗА-2 не ўлічыла тае акалічнасьці, што Жамчужны ёсьць адзінокім пэнсіянэрам. Папросту кажучы, ён ня мае блізкіх сваякоў, якія б маглі арганізаваць яму перадачу», – пракамэнтаваў сытуацыю Леанід Сьвецік.

СІЗА №2 у Віцебску

Праваабаронца Павал Левінаў, у сваю чаргу, называе такі падыход адміністрацыі СІЗА «прамой дыскрымінацыяй».

«Гэта прамая дыскрымінацыя! Бо Жамчужны ня можа рэалізаваць права, зацьверджанае ў арт. 120 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, – у параўнаньні зь іншымі зьняволенымі, якія адбываюць пакараньне ва ўмовах строгага рэжыму, але маюць блізкіх сваякоў», – лічыць Левінаў.

Пішыце на СІЗА!..

У лісьце праваабаронцам Міхаіл Жамчужны паведаміў, што пакінуў у калёніі ў Горках нататнік з адрасамі. Таму, каб наладзіць ліставаньне, вельмі просіць пісаць яму на СІЗА.

«Ад 20.01.20 ніводнага ліста ад мяне не выйшла і ніводны ліст не атрымаў. Паведамі ўсім нашым, няхай пішуць сюды, у СІЗА, пакуль ёсьць магчымасьць. Маё ўтрыманьне тут падоўжылі на месяц. Я б сам пісаў, але ня маю адрасоў. На этап сабралі цягам гадзіны, і я не не пасьпеў узяць самае неабходнае», – паведаміў у лісьце палітвязень.

Міхаіл Жамчужны працягвае дамагацца ведамаснага кантролю за дзеяньнямі адміністрацыі горацкай ПК №9, якая за тры гады пакарала яго 74 спагнаньнямі ў ШІЗА.

«Пры першай сустрэчы з начальнікам горацкай калёніі палкоўнікам унутранай службы Аляксандрам Лапатко 17 ліпеня 2017 году ён, у прысутнасьці сваіх намесьнікаў сказаў: «Я цябе задушу! Мне тэлефанавалі зь Віцебску...» І начальнік калёніі словаў на вецер не кідаў. Цэлы год ціснуў, пакуль яго на пэнсію не адправілі», – расказаў у лісьце палітвязень.

Рэпрэсіі і правакацыі ў дачыненьні да Жамчужнага былі сур'ёзныя: напад у санчастцы, спроба суіцыду ў лазьні ШІЗА, спроба атручваньня на Новы 2018 год і абвінавачваньні ў хуліганстве. Усё гэта было зробленае «рукамі зьняволеных».

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.