Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 09 Верасень 2019

Палітвязень Жамчужны правёў за два гады 500 сутак у ШІЗА – і зьмешчаны зноў

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Калаж: svaboda.org Калаж: svaboda.org

Палітвязень Міхаіл Жамчужны правядзе бліжэйшыя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Пра гэта “Віцебскай вясьне” паведаміў праваабаронца Леанід Сьвецік, які атрымаў нядаўна ліст ад палітвязьня.

“29 жніўня ў палітвязьня Жамчужнага скончыўся тэрмін знаходжаньня ў памяшканьні крытага тыпу (ПКТ), і хутчэй за ўсё ён правядзе бліжэйшыя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары”, – паведаміў праваабаронца Леанід Сьвецік, спасылаючыся на чарговы ліст, які атрымаў ад палітвязьня.

У лісьце Жамчужны расказвае некаторыя падрабязнасьці аб адбываньні пакараньня ў папраўчай калёніі (ПК) №9.

“19 жніўня я адзначыў 10-гадовы “юбілей” знаходжаньня за калючым дротам. Падвёў вынікі і імі задаволены. Таксама падлічыў, што за два апошнія гады сваёй адсідкі правёў 500 дзён у штрафным ізалятары і ўчыніў 65 парушэньняў рэжыму!” – падзяліўся сваімі “посьпехамі” Міхаіл Жамчужны.

У лісьце ён не выказвае ніякіх шкадаваньняў аб тым, што здарылася, але прызнае, што мусіў быў заняцца праваабарончай і палітычнай дзейнасьцю раней.

Жамчужнага абсьледавалі ў мэдчастцы

Палітвязень выказаў таксама ўдзячнасьць незалежным СМІ за падтрымку і за асьвятленьне ягонага знаходжаньня ў калёніі. Піша, што дзякуючы публікацыям пра праблемы зь ягоным здароўем, яго абсьледавалі ў мэдчастцы, таксама прыяжджаў з інспэкцыяй пракурор Магілёўскай вобласьці – для праверкі ўмоваў утрыманьня палітзьняволенага.

“Усё, што было напісана ў СМІ, мела пацьверджаньне. Я пісаў тлумачэньні па кожным факце парушэньняў і чакаю адказу”, – рэзюмуе Жамчужны.

Дзякуе таксама ў лісьце віцебскай адвакатцы, якая наведала палітвязьня 20 жніўня. “…прывезла патрэбныя дакумэнты, і мы накіравалі заявы па крымінальных справах у Генэральную пракуратуру і ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы”, – паведамляе Жамчужны.

Апроч таго, палітвязень апратэставаў у аддзел уласнай бясьпекі МУС і суды вынесеныя адміністрацыяй калёніі шэраг спагнаньняў. Таксама апратэставаў ва ЎДВП па Магілёўскай вобласьці факты зьнішчэньня яго пяці лістоў, якія не прайшлі цэнзуру, а таксама аднаго ліста, адрасаванага яму Беларуска-амэрыканскай асацыяцыяй, які быў зьнішчаны за, нібыта, утрыманьне ў ім “цынічных выказваньняў”.

Жамчужны піша, што за час знаходжаньня ў ПКТ пасьпеў прачытаць некалькі клясычных кніжак. Гэта “Патоп” Генрыха Сянкевіча, “Пётар І” Аляксея Талстога, некалькі кніг пра ўмовы жыцьця і спосабах выжываньня ў ГУЛАГу.

Сьвецік: Трэба, каб ДВП даў дазвол на спатканьне з палітвязьнем

“Хутчэй за ўсё, палітвязень ня можа данесьці да беларускай грамадзкасьці ўсе факты бесчалавечнага абыходжаньня зь ім. Такую выснову можна зрабіць зь неаднаразовых паведамленьняў пра тое, што цэнзура зьнішчае значную колькасьць ягоных пасланьняў з калёніі.

Каб разьвеяць усе падазрэньні пра ўмовы ўтрыманьня і стан здароўя Міхаіла Жамчужнага, было б разумным з боку ДВП МУС даць дазвол на кароткую сустрэчу палітвязьня з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасьці і (альбо) журналістамі незалежных СМІ”, –  бачыць адзіна правільны выхад з сытуацыі, якая склалася вакол палітвязьня, праваабаронца Леанід Сьвецік.

 

Лявон Яфрэменка