Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Чэрвень 2019

Палітвязень Жамчужны: Спадзяюся, чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

“21 траўня завяршыўся 3-месячны ПКТ. Наперадзе – 2-3 месяцы ШІЗА, таму перапіска можа ўскладніцца”, – піша з горацкай калёніі №9 віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Ён паведамляе калегам, што працягвае зьвяртацца ў Горацкі раённы і Магілёўскі абласны суды, каб адмяніць усе спагнаньні, вярнуць дзяржпошліны, грошы за паслугі адвакатаў і маральную шкоду. Пакуль што гэта ў яго атрымліваецца дрэнна, бо сутыкаецца з процідзеяньнем судоў і адміністрацыі калёніі.

“Адмаўляючы законнасьць усіх пакараньняў, накладзеных на яго адміністрацыяй калёніі, і абскарджваючы іх у судах, Міхаіл Ігаравіч прыняў, на мой погляд, адзіна слушны спосаб абароны ад неабгрунтаваных і дыскрымінацыйных прэтэнзіяў з боку кіраўніцтва калёніі, – лічыць віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

“Калі ён і надалей будзе весьці сваю абарону падобным чынам, то ўрэшце рэшт даможацца свайго”, –  мяркуе праваабаронца.

Змагаецца ня толькі за сябе

“Адміністрацыя адмовіла мне ў прадастаўленьні ў суд копіяў дакумэнтаў з маёй асабістай справы. Але яна дала права праз суд запатрабаваць гэтую службовую інфармацыю, з чаго я пасьпяхова скарыстаўся для сваёй абароны”, – дзеліцца досьведам барацьбы за свае правы Жамчужны.

У той жа час зьняволены праваабаронца займаецца абаронай ня толькі сваіх прыватных інтарэсаў. Ён заклапочаны пераўладкаваньнем усёй сыстэмы адбыцьця пакараньня ў нашай краіне, лічачы неабходным разбурыць манаполію МУС у гэтай дзяржаўнай сфэры.

“У супрацоўніцтве з заслужаным юрыстам Беларусі, доктарам юрыдычных навук прафэсарам Міхаілам Пастуховым распрацавалі плян перападпарадкаваньня Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў Міністэрству юстыцыі, мэдчастак калёніяў – Міністэрству аховы здароўя, навучальных установаў (ПТВ, тэхнікумаў, ВНУ і бібліятэкаў) – Міністэрству адукацыі. Для гэтага сабралі подпісы і ўжо накіравалі іх для разгляду ў Палату Прадстаўнікоў, – піша Міхаіл Ігаравіч.

Значным дасягненьнем Жамчужны лічыць наладжаны кантакт з замежнымі праваабаронцамі і беларускімі патрыётамі. Ён высока ацэньвае ініцыятывы і дэклярацыі Мікалая Аўтуховіча, зьвязаныя з імкненьнем наблізіць пачатак пераменаў у палітыцы і эканоміцы краіны.

Напрыканцы свайго кароткага ліста палітвязень дзякуе ўсім неабыякавым людзям за падтрымку ў “цяжкі пэрыяд жыцьця”, за клопат і ўвагу.

Спадзяюся, што чарговая ізаляцыя ў ШІЗА будзе нядоўгай”, – заканчвае ліст палітвязень Міхаіл Жамчужны. 

Лявон Яфрэменка