Друкаваць гэтую старонку
Серада, 17 Кастрычнік 2018

Палітвязень Жамчужны паведаміў, на якой падставе зьнішчаюць ягоныя лісты на волю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

У паштоўцы, якую атрымаў нядаўна з папраўчай калёніі №9 віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, палітвязень Міхаіл Жамчужны паведаміў, на якой падставе апэратыўнікі зьнішчаюць яго карэспандэнцыю.

“Шкадую, але лісты да вас зьнішчаюцца па актах апэратыўнымі супрацоўнікамі папраўчай калёніі №9 за, нібыта, “прычыненьне шкоды ахоўваным законам правам дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і асобных грамадзян”, – напісаў у паштоўцы ад 10 кастрычніка Міхаіл Жамчужны.

Ён удакладняе, што з той жа прычыны былі зьнішчаныя лісты да Леаніда Сьвеціка, датаваныя  25 верасьня і 8 кастрычніка.

“Ад 20 верасьня з 27-мі адпраўленых лістоў зьнішчана ўжо 16. За травень 2018 году з 32-х адпраўленых зьнішчана 20”, – падсумоўвае палітвязень.

“Буду пісаць яшчэ, чакайце!” – не губляе аптымізму Жамчужны.

На разьвітаньне запэўнівае: “У мяне ўсё ў парадку. Пасьпяхова ваюю з адміністрацыяй”.

Нагадаем, у лісьце, атрыманым на пачатку кастрычніка, Міхаіл Жамчужны паведаміў, што зьбіраецца абскардзіць у Вярхоўным судзе катаваньні і досьледы, якія чыняцца над ім у калёніі.

Лявон Яфрэменка