Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 18 Студзень 2018

Cуд ня ўгледзеў пагрозы жыцьцю палітвязьня Жамчужнага

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Калегія Магілёўскага абласнога суду палічыла абгрунтаваным накладаньне на палітвязьня Міхаіла Жамчужнага спагнаньня за ягоную адмову пераходзіць у атрад, дзе, як сьцьвярджае асуджаны, існуе небясьпека яго жыцьцю і здароўю. За парушэньне рэжыму адміністрацыя Горацкай папраўчай калёніі № 9 пакарала асуджанага 5 суткамі штрафнога ізалятару.

Жамчужны палічыў спагнаньне незаконным і зьвярнуўся ў Горацкі суд, але той не знайшоў падстаў скасаваць рашэньне турэмнай адміністрацыі. Палітвязень напісаў касацыйную скаргу ў абласны суд, які не задаволіў яе.

Абскарджанае Жамчужным спагнаньне было адным зь першым пасьля пераводу яго ў Горацкую калёнію. Пакаралі вязьня штрафным ізалятарам 3 жніўня. У сваёй скарзе Жамчужны абгрунтоўваў сваё нежаданьне пераходзіць у 13-ы атрад калёніі тым, што ён сфармаваны з асуджаных з так званым «нізкім статусам». Палітвязень настойваў: ягонаму жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека, бо некаторыя асуджаныя пагражалі яму «фізычнай расправай». У сваёй скарзе Жамчужны згадваў канфлікт з асуджанымі і заключэньне апэратыўнага работніка, які быў сьведкам канфлікту.

На думку Жамчужнага, Горацкі суд не разабраўся ў сытуацыі, а ў яго не было магчымасьці аргумэнтавана давесьці суду сваю пазыцыю, паколькі ён на ім не прысутнічаў. Не было Жамчужнага і на разглядзе касацыйнай скаргі ў абласным судзе. Ягоныя інтарэсы бараніў адвакат Вадзім Мушынскі.

17 студзеня суд абвясьціў, што аб’ектыўных падстаў для адмовы Жамчужнага пераходзіць у атрад не было, а накладзенае на яго спагнаньне было законным, таму рашэньне Горацкага суду застаецца ў сіле, а касацыйная скарга без задавальненьня.

За час утрыманьня ў Горацкай калёніі Міхаіл Жамчужны адбыў 100 сутак у штрафным ізалятары. На яго накладзена блізу 15 спагнаньняў. Ад 6 студзеня на месяц асуджанага памясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Паводле адваката Мушынскага, на здароўе і мэдычнае абслугоўваньне Жамчужны не наракае. Адвакат кажа, што асуджаны выглядае схуднелым, але застаецца ў бадзёрым духу. Сядзець Жамчужнаму засталося тры гады.

Віцебскі праваабаронца Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў спробе завалодаць сакрэтнымі зьвесткамі пра дзейнасьць міліцыі і спробе даць хабар супрацоўніку міліцыі. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судовым паседжаньні.

svaboda.org