Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Студзень 2013

Павал Севярынец: Эўразьвяз павінен патлумачыць сваю пазыцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Магчымае супрацоўніцтва ЭЗ зь беларускай міліцыяй выклікае ў палітыка зьдзіўленьне. «Эўрапейскаму Зьвязу трэба абавязкова патлумачыць сваю пазыцыю. Калі гаворка вядзецца пра дапамогу краінам “Усходняга партнэрства”, то ці тычыцца Беларусь гэтай канкрэтнай праграмы? Калі тычыцца, то якія спосабы супрацы прадугледжаныя для МУС, а мабыць нават для КДБ?» - заявіў у інтэрвію сайту charter97.org сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, палітвязень Павал Севярынец.

Паводле слоў палітыка, пазыцыя Эўразьвязу атрымліваецца неадназначная: «Усё ж такі Беларусь - гэта асобны выпадак. І калі эўрапейцы думаюць усталёўваць у нашай краіне дэмакратыю, супрацоўнічаючы з тымі службамі, якія перасьледуюць іншадумцаў, то я іх зусім не разумею. Калі высьвятляецца, што беларускі дэмакратычны рух перасьледуюць з дапамогай сродкаў, дадзеных Эўразьвязам, як гэта было ў выпадку са скандалам аб дапамозе нямецкіх паліцыянтаў беларускім службам, то атрымліваецца двухсэнсоўная сытуацыя. З аднаго боку Эўрапейскі Зьвяз патрабуе спыніць рэпрэсіі, а другой рукой фактычна іх падтрымлівае. Таму патрэбна яснасьць».

Любая дапамога беларускім службам можа выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў, упэўнены Павел Севярынец: «Выказваньне Штэфана Фюле вельмі двухсэнсоўнае і, падкрэсьліваю яшчэ раз, яму трэба адкрыта сказаць - калі будуць дапамагаць беларускім спэцслужбам, то ў чым гэта будзе выяўляцца? Калі, напрыклад, гэта дапамога ў лаўленьні нелегалаў або барацьбе з гандлем людзьмі, то якія канкрэтна праграмы, якія канкрэтна сродкі пад гэта Эўразьвяз будзе выдаткоўваць? У нашым выпадку амаль любая дапамога можа мець характар ​​дапамогі двайнога прызначэньня. З адной і той жа сыравіны можна стварыць і штосьці мірнае, і штосьці супраць мірных дэманстрантаў».

«Ня думаю, што эўрапейцы хочуць легалізаваць дапамогу беларускай міліцыі. Прынамсі, у гэта ня хочацца верыць. Але для таго, каб не было падазрэньняў, лепш было б эўрапейцам адкрыта, ясна і празрыста заявіць, што яны маюць на ўвазе», - падсумаваў палітык.

Нагадаем, нядаўна прадстаўніцтва ЭЗ у Менску заявіла, што Эўрапейскі Зьвяз будзе супрацоўнічаць з праваахоўнымі ворганамі краін «Усходняга партнэрства». «Давер праваахоўным ворганам зьяўляецца адным з галоўных умоў стварэньня ўстойлівай дэмакратыі. І мы верым, што супрацоўніцтва паліцэйскіх службаў можа значна палепшыць стан законнасьці і правапарадку ў краінах, якія зьяўляюцца нашымі ўсходнімі суседзямі», - заявіў эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле.

Крыніца: Хартыя'97