Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Студзень 2013

Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць Віцебск

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Сустаршыні аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (БХД) Паўлу Севярынцу дадзены трохдзённы адпачынак. Як паведамляе сайт БХД, Севярынец выкарыстае адпачынак для таго, каб зьезьдзіць дадому ў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Дарога зь вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці, дзе палітык адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры № 7, да Віцебску і назад зойме каля паўтара сутак. Прыкладна столькі ж Павал зможа пабыць дома.

Апошні раз Севярынец наведваў Віцебск у ліпені мінулага году — тады яму таксама быў дадзены трохдзённы адпачынак.

Павал Севярынец асуджаны па крымінальнай справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ён кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты ад аргкамітэту БХД Віталя Рымашэўскага. 16 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску прыгаварыў яго да трох гадоў абмежаваньня волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). 26 ліпеня 2012 году Севярынцу было адмоўлена ў амністыі.

Да заканчэньня тэрміну пакараньня палітыку застаецца дзевяць месяцаў, нагадвае прэс-служба аргкамітэту БХД. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Севярынца палітычным вязьнем.

БелаПАН