Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 15 Жнівень 2013

Павал Севярынец: Айцец Лазар - чарговы закладнік

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Сустаршыня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец распавёў, для чаго Лукашэнка ўзяў у закладнікі пробашча парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслава Лазара: “Пасьля справы Андрэя Гайдукова ніякай веры шпіёнскім справам КДБ няма. Гэта відавочна ўсім. Пасьля выбухаў і справы аб тэракце відавочна, што ўсе закрытыя справы - гэта альбо фальсыфікацыя, альбо спосаб ціску на грамадзтва. Думаю, у гэтым выпадку мы маем і тое і другое”.

“Трохі дзіўна, што маўчыць касьцёл. Вядома, што ў выпадках, зьвязаных з крыміналам, дыпляматычна прамаўчаць, але тут жа рэжым. І герархі касьцёла ведаюць, што сьвятар ні ў чым не вінаваты”, - заявіў Павал Севярынец, які сам адбывае пакараньне паводле палітычнай справы.

Севярынец лічыць, што разабрацца ў гэткіх рэчах можна было б праз прымяненьне хатняга арышту і падпіскі аб нявыезьдзе, што сёньня нармальная практыка ў справах, якія тычацца сьвятароў. Любое грамадзтва праяўляе вялікую павагу да людзей, якія дбаюць пра душу.

“Безумоўна, зьбіраць подпісы трэба і электронныя, і каля саміх касьцёлаў. Неабходна патрабаваць вызваленьня Лазара. Спадзяюся, дойдзе і да выказваньняў герархаў, бо многія сьвятары па ўсёй Беларусі задаюцца пытаньнем: а што, калі гэта здарыцца са мною? Тут патрэбная хваля салідарнасьці і патрабаваньне безумоўнага вызваленьня ксяндза. Думаю, што гэта чарговы закладнік. Патрэбны ён для перамоваў з Захадам або для ціску на Ватыкан - справа дзясятая. І хай ня думаюць прадстаўнікі іншых канфэсіяў і іншых сацыяльных груп, што гэта тычыцца толькі касьцёлу”, - адзначае лідэр БХД.

На пытаньне, што будзе з Лазарам найбліжэйшым часам, Севярынец адказвае, што рэжым ужо атрымаў досьвед захопу закладнікаў і цяпер удасканальвае яго: “Тое, што адбываецца з Лазарам, - гэта чарговы ўзровень. Гэта спосаб ўзяць у закладнікі сьвятара, чалавека, які зьвязаны зь непадуладнай дзяржаве сацыяльнай супольнасьцю, якая налічвае паводле розных ацэнак ад мільёна да паўтара мільёнаў чалавек у Беларусі. Лукашэнка так проста гэтага чалавека не аддасьць. Гэта груба, але ў ягоным выпадку гэта працуе. Пакуль Лукашэнку не паставяць на месца, ён будзе гэта рабіць. А паставіць яго на месца можа беларускі народ, з Божай дапамогай. Таму я думаю, што калі ў дзясятках, а то і сотнях парафіяў будуць зьбіраць подпісы за вызваленьне сьвятара Лазара, праігнараваць тую кампанію ня здольны будзе нават Лукашэнка. Яму прыйдзецца выпусьціць ксяндза без усялякіх умоваў. Думаю, што калі б усе герархі пачалі такі збор подпісаў або падтрымалі яго, справа была б вырашаная цягам некалькіх дзён”.

Павал Севярынец пацьвердзіў, што партыя БХД пачала збор подпісаў каля касьцёлаў і заклікае ўсіх каталікоў далучыцца: выйсьці зьбіраць подпісы, запампаваўшы просты зварот з патрабаваньнем вызваліць ксяндза Лазара, які можна знайсьці ў інтэрнэце. Пад зваротам ужо падпісаліся больш за 1000 чалавек.

Беларускі партызан