Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 01 Люты 2016

Справа Жамчужнага: КДБ супраць «Пляцформы»?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Заснавальнік «Платформ інавэйшан» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Падрабязнасьці крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага былі цалкам закрытымі на этапе сьледзтва, адвакат адмовіўся ад кантактаў, матывуючы гэта падпіскай пра неразгалошваньне зьвестак. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пра гэтую непразрыстую справу, а таксама пра тое, чаму Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязьнем, распавядае праваабаронца Тацьцяна Равяка:

Цёмная справа

– Справа доўгі час для нас была зусім незразумелай. Пра Міхаіла Жамчужнага мы даведаліся толькі пасьля ягонага арышту, – кажа праваабаронца. – Нашы калегі ў Віцебску таксама яго ня ведалі і сказаць штосьці пэўнае пра тое, з чым зьвязаны арышт, не маглі. Я амаль год ліставалася зь Міхаілам, але лісты былі з абмежаванай інфармацыяй, і нярэдка было абсалютна незразумелым, пра што чалавек пісаў.

Вядома, арышт заснавальніка праваабарончай арганізацыі адразу ж прыцягнуў нашу ўвагу, і мы рабілі шмат захадаў, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю па ягонай справе. Доўгі час гэтыя захады не прыносілі посьпеху, а толькі сам факт арышту Міхаіла Жамчужнага зьяўляўся недастатковай падставай, каб казаць адразу, што чалавек перасьледуецца за праваабарончую дзейнасьць. Усё ж-такі нам неабходна было ведаць, што насамрэч адбылося.

Мы сыходзім з таго, што сам па сабе апазыцыйны характар палітычнай ці праваабарончай дзейнасьці ня можа быць нейкай устойлівай падставай для таго, каб адносіць чалавека да палітычных зьняволеных нават у выпадку пазбаўленьня яго волі. Хаця і выклікае павышаную цікавасьць да такой справы.

Важна ня тое, ці зьяўляецца гэты чалавек апазыцыйным палітыкам, праваабаронцам, журналістам ці іншай публічнай асобай, а тое, якое дзеяньне яму інкрымінуюць, якія былі дзеяньні ўладаў у гэтым выпадку і якія былі рэальныя матывы.

Суд над Міхаілам Жамчужным таксама не дадаў яснасьці, бо насіў закрыты характар. Я змагла патрапіць толькі на агалошваньне рэзалюцыйнай часткі ўжо ў Вярхоўным судзе, дзе ўпершыню і пабачыла Міхаіла. Можна сказаць – пазнаёмілася. А празь некаторы час мы атрымалі ад яго тры дакумэнты, якія пралілі некаторае сьвятло на ягоную справу. Дакумэнты паступілі з калёніі ў Навасадах, дзе адбывае пакараньне Жамчужны. Я ня ведаю, якім чынам іх прапусьцілі, але паперы прайшлі праз турэмную цэнзуру і былі перададзеныя нам.

Такім чынам, наша бачаньне «справы Жамчужнага» базуецца якраз на гэтых дакумэнтах. Безумоўна, яны не даюць поўнага разуменьня, але выбудоўваюць больш-менш зразумелую карціну.

Пастка

– Калі верыць дакумэнтам, то Міхаіл Жамчужны знаходзіўся ў так званай распрацоўцы сілавых структур (на юрыдычнай мове гэта называецца «удзел у працягнутым сьледчым экспэрымэнце») па справе аб шпіянажы на карысьць замежнай дзяржавы. Я выпісала з прысуду ключавыя даты, і вымалявалася наступная храналёгія падзеяў.

У 2007 годзе навукоўца Міхаіла Жамчужнага асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі». Вызваліўся ён у красавіку 2012 году. А ў жніўні таго ж году ў яго скралі нейкія тры плязьменныя ўстаноўкі. Чалавек напісаў заяву ў міліцыю. Падчас расьсьледаваньня паміж Жамчужным і супрацоўнікам міліцыі, які расьсьледваў справу аб крадзяжы, завязаліся пэўныя кантакты. Як зафіксавана ў прысудзе са слоў гэтага супрацоўніка, падчас стасункаў па факце крадзяжу Жамчужны неаднаразова выказваў незадаволенасьць тым, што адбываецца ў краіне, з нагоды мітынгу 19 сьнежня 2010 году, зьвяртаў увагу пры гэтым на самавольства з боку супрацоўнікаў міліцыі, казаў пра нявінна пацярпелых асуджаных, называючы іх ахвярамі рэжыму, і пра тое, што мае намер змагацца з такімі зьявамі ў краіне. Маўляў, прыехаў з Польшчы з мэтай вярбоўкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прапанаваў супрацоўнічаць зь ім. Інфармацыя патрабавалася нібыта для таго, каб перадаваць яе «сур’ёзным людзям» за мяжой, якія быццам бы здольныя зьмяніць сытуацыю ў краіне. За гэтую інфармацыю, згодна з матэрыяламі справы, Міхаіл прапаноўваў супрацоўніку міліцыі грошы, а таксама ў выпадку перасьледу з боку КДБ абяцаў яму і ягонай сям’і ўсялякую дапамогу, у тым ліку – выезд праз дыпляматычныя каналы за мяжу.

Карацей, паводле вэрсіі, агучанай у судзе, Міхаіл на пяты дзень знаёмства з супрацоўнікам міліцыі наўпрост прапанаваў яму вярбоўку. Шчыра сказаць, мне цяжка нават такое ўявіць. Таксама трэба памятаць, што Міхаіл толькі вызваліўся з турмы, быў ізаляваны 5 апошніх гадоў, а тут атрымліваецца, што за пару месяцаў ён мог пасьпець нават завязаць кантакты з замежнымі спэцслужбамі, якія яму давяраюць наладзіць вярбоўку. Як для мяне, то гэта нонсэнс, але для суду – праўдападобная вэрсія таго, навошта было спэцслужбам распрацоўваць цэлую працяглую апэрацыю.

Таксама зьвернем увагу, якую інфармацыю прасіў даць Жамчужны: пра супрацьпраўную дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пра катаваньні і ўмовы ўтрыманьня зьняволеных, факты карупцыі ў праваахоўных органах. Навошта замежную выведку цікавіла б такая інфармацыя, і як дзякуючы ёй можна «зьмяніць сытуацыю ў краіне» з-за мяжы? А вось сілавікам гэта давала магчымасьць разгарнуць так званы «сьледчы экспэрымэнт» з мэтай «спыненьня супрацьзаконнай дзейнасьці Жамчужнага», якая ажыцьцяўляецца ім «у інтарэсах замежнай дзяржавы на шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Думаю, Жамчужны прыцягнуў увагу супрацоўніка міліцыі сваімі крытычнымі выказваньнямі адносна незаконных дзеяньняў праваахоўнікаў і патрэбай з гэтым змагацца, «Польшчай», куды ўлетку на некалькі дзён ён сапраўды езьдзіў. Міліцыянт усё зьвязаў у адно і напісаў дакладную начальству, якая далей пайшла ў распрацоўку ў КДБ.

А ўвогуле, у той час на віцебскі КДБ напала, што называецца, «шпіёнаманія». Якраз у гэты час у лістападзе 2012 году быў арыштаваны Андрэй Гайдукоў па абвінавачаньні ў здрадзе дзяржаве, а тут яшчэ новае падазрэньне ў зьдзяйсьненьні сур’ёзнага злачынства…

Калі ж вяртацца да храналёгіі падзеяў, то атрымліваецца, што пэўны час на прапановы Жамчужнага супрацоўнік міліцыі не рэагуе. Тлумачыцца гэта «лініяй паводзінаў, абумоўленай апэратыўна-вышуковымі мерапрыемствамі». Але да пэўнага моманту.

Мэта «экспэрымэнту»«Пляцформа»?

– Гэтым момантам, напэўна, стала тое, што Міхаіл Жамчужны стаў заснавальнікам праваабарончай установы «Платформ інавэйшан». У пачатку 2013 году (амаль праз паўгода пасьля першага кантакту зь міліцыянтам) зь ім пагадзіліся на супрацоўніцтва. І тут я бачу прамую прывязку не да пэрсоны самога Жамчужнага, а да праваабарончай установы. У сьнежні 2012 году ён стаў яе заснавальнікам, і амаль адразу супрацоўнік міліцыі пагадзіўся на так званую вярбоўку.

Згодна з матэрыяламі справы, апэратыўна-вышуковае мерапрыемства складалася з чатырох этапаў: «вярбоўка», «дэзінфармацыя», «знаёмства з куратарам» і ізноў «дэзінфармацыя». На кожную сустрэчу з Жамчужным супрацоўнік міліцыі хадзіў з запісваючымі прыладамі, якія яму выдаваліся ў КДБ. Усе дакумэнты, якія перадаваліся Жамчужнаму, распрацоўваліся супрацоўнікамі КДБ. Яго, што называецца, «вялі»: праслухоўвалі, было відэаназіраньне, уся інфармацыя фіксавалася. Увогуле ў судзе былі прадстаўленыя 30 дыскаў з аўдыёзапісамі.

Першая «інфармацыя» Жамчужнаму была перададзеная ў траўні 2013 году. І далей па матэрыялах справы праглядаецца, што ўжо зь лета 2013 году ідзе размова пра арганізацыю сустрэчы з дырэктарам «Пляцформы» Андрэем Бандарэнкам і неаднаразова зьвяртаецца ўвага, што матэрыялы, якія перадаюцца, патрэбны не Жамчужнаму, а Бандарэнку. Таму мне падаецца, што апэрацыя была накіраваная на кантроль за ўсёй арганізацыяй.

Усяго за пэрыяд з траўня 2013 году па студзень 2014 году, згодна з дакумэнтамі, зафіксаваныя 5 выпадкаў перадачы «інфармацыі» Жамчужнаму, у 4 выпадках за гэтыя зьвесткі супрацоўнік міліцыі атрымаў грошы. Што гэта за зьвесткі? Аб узбуджаных крымінальных справах у дачыненьні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 гады аб здарэньнях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спэцданясеньне па факце раптоўнай сьмерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму, Загад МУС «Аб асобных аспэктах працы з кадрамі ў МУС».

Калі прыняць вэрсію, што Жамчужны сапраўды ўжываў незаконныя мэтады дзеля атрыманьня інфармацыі, даваў хабар за яе, трэба даваць ацэнку і дзеяньням супрацоўніка міліцыі – правакатара, і супрацоўнікам КДБ. Яны не спынялі, а наадварот падбухторвалі і заахвочвалі такія дзеяньні, у выніку чаго сытуацыя Міхаіла Жамчужнага з кожным разам усё больш пагаршалася, бо дзеяньні набывалі паўторны характар.

Зь цягам часу ўсё часьцей узьнікаюць пытаньні пра дзейнасьць «Пляцформы» і Бандарэнкі. Андрэй, як вынікае з матэрыялаў справы, у лютым 2014 году сустракаўся з Жамчужным і супрацоўнікам міліцыі, які быў «крыніцай» інфармацыі. Размова ізноў жа праходзіла пад кантролем КДБ і запісвалася. Бандарэнка патлумачыў мэты і задачы «Пляцформы»: асуджаныя, катаваньні, перавышэньне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі; грамадзянскі кантроль (сацыяльная сфэра), які закранае безгаспадарчасьць, сваяцтва, карупцыю. На момант гэтай сустрэчы ўжо вялася справа па эпізодзе зьбіцьця Бандарэнкам Яворскага, у сакавіку адбыўся ягоны канфлікт з суседкамі, і Бандарэнка быў абвінавачаны ў злосным хуліганстве, а пазьней асуджаны. Але па тых матэрыялах, якія мы маем, можна меркаваць, што Андрэй таксама быў у вышэйапісанай распрацоўцы. І, калі б не адбылося таго, што зь ім адбылося, то ня выключана, што мы маглі б пабачыць гучную справу пра «шпіёнскую» праваабарончую арганізацыю. Альбо супраць Бандарэнкі маглі быць вылучаныя абвінавачаньні, аналягічныя абвінавачаньням Жамчужнаму.

Чаму Жамчужнага прызналі палітвязьнем?

– Пасьля таго, як атрымалі дакумэнты, у нас былі дзьве экспэртныя сустрэчы, на якіх мы аналізавалі справу, – дадае праваабаронца. – Ці ўяўляла тая інфармацыя, што зьбіраў Жамчужны, грамадзкі інтарэс? Ці магчыма было атрымаць яе іншым законным чынам, бяз дачы хабару? Дзеля якіх мэтаў гэтая інфармацыя здабывалася? Зразумела, што дача хабару і ўстанаўленьне такога кшталту «кантактаў» з апэратыўнымі супрацоўнікамі не зьяўляюцца праваабарончымі мэтадамі. Гэтыя дзеяньні крыміналізаваныя ва ўсім сьвеце, пра што таксама мы адзначылі ў заяве, якую прынялі па выніках экспэртных сустрэч з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх праваабарончых арганізацыяў.

Але мы не змаглі не зьвярнуць увагі і на тое, што гэтая сытуацыя стала вынікам распрацоўкі спэцыяльнай апэрацыі спэцслужбамі. Быў пэўны сюжэт, падбухторваньне да незаконных дзеяньняў. І калі мы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем, то зыходзілі з таго, што быў палітычны матыў: матыў дзяржаўнага органу (КДБ) да ўмацаваньня сваёй значнасьці, які і распрацаваў схему, ахвярай якой стаў Міхаіл Жамчужны.

Цяпер Міхаіл знаходзіцца ў калёніі ў Навасадах, яго адвакат рыхтуе наглядную скаргу. Мы агучылі нашу пазыцыю па справе Жамчужнага і спадзяёмся, што суд улічыць абнародаваньне тых незаконных схем, якія былі выкарыстаныя спэцслужбамі супраць яго і прывялі да асуджэньня. Мы патрабуем справядлівага і адкрытага суду, падчас якога была б дадзеная прававая ацэнка ня толькі дзеяньням Міхаіла Жамчужнага, але і дзяржаўных органаў, у прыватнасьці – КДБ.

Справу Жамчужнага мы ўключылі ў сьпіс першасных патрабаваньняў да ўладаў і чакаем, што яе разгляд у палітычнай плашчыні паўплывае станоўчым чынам на далейшы лёс Міхаіла.

З даведкі

Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў 1955 годзе ў Віцебску. Працаваў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфіяў і распрацовак.

Першы ў краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва ўнівэрсытэце кіраваў лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду.

Нечакана дзейнасьцю навукоўцаў зацікавіўся КДБ. Супраць кіраўніка лябараторыі распачалі крымінальную справу. Міхаілу прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ, даць паказаньні супраць начальства. Ён адхіліў гэтыя прапановы. У 2007 годзе яго асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».

Пасьля вызваленьня ў 2012 годзе Міхаіл Жамчужны вырашыў далучыцца да чальцоў арганізацыі «Пляцформа», дзе займаўся зборам інфармацыі пра сытуацыю ў месцах зьняволеньня. Пасьля ліквідацыі «Пляцформы» пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі «Платформ інавэйшан».

Міхаіла Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду ў дачыненьні да дырэктара ПКАУ «Платформ інавэйшан» Андрэя Бандарэнкі.

Крыніца: Palitviazni.info