Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Жнівень 2014

У Віцебску забаранілі пікет да 60-годзьдзя Лукашэнкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Заяўку на акцыю ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну падаваў доктар Ігар Пастноў. Ён паспрабаваў выканаць усе патрабаваньні, рэглямэнтаваныя рашэньнем гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, але дазволу так і не атрымаў.

У лісьце з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі напісана, што патрабаваньні рашэньня гарвыканкаму №881 заяўнік выканаў ня ў поўным аб’ёме. Паводле Ігара Пастнова, ён зрабіў усё, што ад яго патрабавалася. Падаў заяўку на акцыю, але сутыкнуўся з даўняй праблемай арганізатараў масавых мерапрыемстваў – неадпаведнасьцю патрабаваньняў выканкаму рэальнай сытуацыі.

Ігар Пастноў: “Заяўнік мусіць прадставіць раённай адміністрацыі дамовы на абслугоўваньне пікету супрацоўнікамі ЖКГ, гарадзкой паліклінікай і міліцыяй. Я зьвярнуўся ва ўсе гэтыя структуры па дамовы, але станоўчы адказ атрымаў толькі ад камунальнікаў: прадпрыемства “Зелянгас”, якое займаецца прыборкай гарадзкой тэрыторыі, заключыла са мной дамову”.

“З паліклінікі мне адказалі дзіўна – што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў, хаця я і не прасіў іх нічога арганізоўваць. Мне параілі зьвярнуцца ў раённую адміністрацыю – маўляў, акцыямі займаюцца яны. Накіравалі зноў туды, куды я і мусіў прадставіць дамову. Зь міліцыі адказалі яшчэ больш дзіўна: напісалі, што аховай правапарадку ў любой якасьці займаюцца без усялякіх дамоў, бо гэта прафэсійны абавязак міліцыянтаў. Такім чынам, з паліклінікай і міліцыяй, якія згаданыя ў рашэньні выканкаму як другі бок, зь якім трэба заключыць дамовы, супрацоўніцтва не атрымалася. Але – не па маёй віне, я зрабіў усё, што прапісана ў рашэньні аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў”, – распавёў Ігар Пастноў.

Ён зьбіраўся 30 жніўня або ў найбліжэйшы пасьля гэтай даты выходны дзень правесьці аднаасобную акцыю - выйсьці з плякатам “Дзякуй Бацьку за наша шчасьлівае жыцьцё!”. Апрача гэтага, на плякаце ён хацеў разьмясьціць фотаздымак свайго разьлікловага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.

Гэтая ідэя, відавочна, не магла быць упадабанай раённай адміністрацыяй. Але забаранілі акцыю не з ідэалягічных, а з фармальных прычын. З тых самых, што апошнімі гадамі пэрыядычна пералічваюцца ў забаронах іншым віцебскім актывістам, - на падставе адсутнасьці дамоў з мэдыкамі, міліцыяй і камунальнікамі.

spring96.org