Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 02 Май 2022

Эльвіра Мірсалімава запрашае віцяблян на несанкцыянаванае шэсце

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вядомая прыхільніца «русского мира» Эльвіра Мірсалімова паведаміла, што акцыя «Бессмертный полк» пройдзе ў Віцебску 9 траўня без дазволу выканкаму. Паводле ейных словаў, дазволу ад гарадскіх або раённых уладаў у арганізатараў шэсця на 9-га траўня няма, аднак ім нібыта паведамілі, што «ніхто не будзе перашкаджаць». Мірсалімава перакананая, што ва ўладных колах ёсць людзі, якія «тайна сімпатызуюць нашаму руху». І таму яны гатовыя ісці на парушэнне заканадаўства – не замінаць тым, хто ігнаруе заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы, дзе прапісаны алгарытм падачы заявак на шэсці і мітынгі.

Паведамляючы пра планы правядзення шэсця «Бессмертного полка», Эльвіра Мірсалімава, між тым, адмаўляецца ад саўдзелу ў арганізацыі гэтай акцыі: «Наша команда единомышленников, стихийно проявившаяся в городе (и стране) после известных событий 2014 года, примкнула к движению «Бессмертный полк» в 2017 году, когда Полк уже был, шёл, проходил силами Союза офицеров, Союза ветеранов и Союза афганцев, а у движения уже имелся координатор – отставной офицер, лётчик Иван Александрович Новичков. Так и есть до сих пор. Мы примкнули к уже зародившемуся движению, взяв на себя добровольную функцию информационной поддержки». Тут варта згадаць, што не толькі ўдзел, але і запрашэнні на несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць паводле часткі 1 арт.23.34. Аднак прарасейская актывістка ўпэўнена, што застанецца беспакаранай. І прыклады падобнага стаўлення з боку віцебскай міліцыі, якая трактуе заканадаўства на свой капыл, ужо былі: шэсце «Бессмертного полка» ужо праходзіла без дазволу мясцовых уладаў, але міліцэйскіх «хапуноў» не назіралася.

Карыстаючыся гэтым, Эльвіра Мірсалімава публічна выхваляецца тым, што ёй дазволена парушаць беларускія законы: «На меня написали несколько пасквильных доносов в милицию, на которые сотрудниками были даны достойные ответы». І нават, каб здабыць сабе папулярнасці ў інтэрнэце, публікуе зусім ўжо непраўдападобныя звесткі: «Давайте вспомним, как змагары устраивали провокации Полку. В прошлом году разогнали фейк, что, дескать, Мирсалимова «призвала вставить в портреты бчб-символику». И якобы призывала устраивать провокации во время шествия”.  Прарасейскія погляды былой актывісткі «трэцяга сектару» у Віцебску настолькі добра вядомыя, што ніхто нават не стаў бы згадваць ейнае імя ў кантэксце выкарыстання беларускай нацыянальнай сімволікі.

Не бянтэжыцца Эльвіра Мірсалімава і адкрыта падстаўляць сёлетніх арганізатараў «Бессмертного полка» – «Саюз афіцэраў, Саюз ветэранаў і Саюз афганцаў». Не папярэдзіўшы жыхароў Віцебску пра тое, што шэсце з’яўляецца несанкцыянаваным мерапрыемствам, іх запрашаюць на акцыю, запланаваную з 8.00 да 11.00 9-га траўня.
Безумоўна, ва ўшанаванні памяці палеглых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны няма нічога кепскага, гэта годная справа для іхных нашчадкаў. Да ўсяго, грамадзяне Беларусі, згодна з Канстытуцыяй, маюць права на выказванне сваіх перакананняў. Але падыход да акцыі «Бессмертного полка» у Віцебску дэманструе падвойныя стандарты стаўлення з боку сілавікоў да беларускага заканадаўства, калі ўдзельнікаў нацыянальна арыентаваных мерапрыемстваў затрымліваюць і судзяць, а мерапрыемствы, ініцыяваныя прарасейскімі сіламі, праходзяць свабодна і пры поўным спрыянні мясцовых уладаў.

Станіслаў Іваноўскі