Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 07 Верасень 2020

Сутычка паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі ў Віцебску 6 верасня: відэа

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У нядзелю 6 верасня падчас «Маршу еднасці» ў Віцебску адбылося некалькі жорсткіх сутычак паміж пратэстоўцамі і супрацоўнікамі МУС. Да бойкі дайшло на вуліцы Праўды, калі міліцыянты, якія суправаджалі маніфестантаў на аўтобусах, выхапілі з калоны некалькіх удзельнікаў шэсця. Віцябляне пачалі бараніць і адбіваць тых, каго затрымлівалі.

У «Маршы еднасці» ў Віцебску 6 верасня ўзялі ўдзел больш за тысячу чалавек. Яшчэ да пачатку шэсця на прыпынку насупраць абласной бібліятэкі міліцыянтамі быў затрыманы мужчына з бел-чырвона-белым сцягам. Далей міліцыя некалькі разоў перакрывала шлях калоне маніфестантаў. Тры ці чатыры чалавекі былі затрыманыя каля «сіняга дому», калі пратэстоўцы паспрабавалі прарваць міліцэйскі ланцуг і выйсці на вуліцу Леніна.

Самая жорсткая сутычка паміж маніфестантамі і міліцыяй адбылася пазней на вуліцы Праўды.

Як сцвярджаюць удзельнікі, гвалтоўныя дзеянні былі справакаваныя міліцыянтамі, якія цішком спрабавалі выхватваць пратэстоўцаў з хвасту калоны. Людзі пачалі бараніць і адбіваць затрыманых. Падчас бойкі міліцыянты ўжылі балончыкі з пярцовым газам.

Усяго 6 верасня ў Віцебску былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Міліцыянты ў цывільным паасобку затрымлівалі людзей і пасля заканчэння акцыі. Як мінімум, 13 з іх змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе 7 верасня над некаторымі з іх адбыліся выязныя суды. Асобы затрыманых і іх агульная колькасць удакладняюцца.

Зміцер Міраш