Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 10 Кастрычнік 2019

У Полацку адмянілі пікет: ЖКГ запатрабавала 2020 рублёў за паслугі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Месца, дзе мелася прайсьці пікетаваньне Месца, дзе мелася прайсьці пікетаваньне

У Полацку 7 кастрычніка меўся адбыцца пікет, прымеркаваны да Сусьветнага дня барацьбы за годную працу, але арганізатары вымушаныя былі яго адмяніць. За абслугоўваньне пікету, заяўку на правядзеньне якога падавалі двое жыхароў Полацку зь ініцыятывы Свабоднага прафсаюзу, ЖКГ запатрабавала аж 2 тыс. 20 рублёў…

Мэтай пікету было “інфармаваньне жыхароў гораду аб праве працоўных адстойваць свае сацыяльна-эканамічныя інтарэсы – у адпаведнасьці з Канстытуцыяй (арт.41 ч.3) і Канвэнцыіяй МАП №№ 87 і 98 аб абароне права на прафсаюз”. Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) працаўнікоў прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” даручыў зладзіць пікет дваім палачанам – сябрам прафсаюзу. Ад іх імя і была 19 верасьня пададзеная заяўка ў Полацкі  райвыканкам. Запрасілі да ўдзелу ў пікеце і прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

 Чыноўнікі ад удзелу ў пікеце адмовіліся

Празь 7 дзён быў атрыманы адказ намесьніка старшыні райвыканкаму Пятра Пяткевіча, у якім ён паведаміў арганізатарам, што “Полацкі раённы выканаўчы камітэт узгадняе правядзеньне масавага мерапрыемства…”

“Бюджэтнае фінансаваньне дадзенага пікету, удзел у ім прадстаўнікоў улады не прадугледжаныя, бо яго правядзеньне не ўваходзіць у плян мерапрыемстваў Полацкага райвыканкаму”, – патлумачыў чыноўнік.  

Нагадаў таксама аб неабходнасьці заключыць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі.

Полацкія камунальнікі “папрасілі” тысячу даляраў…

Арганізатары пікету праз электронную пошту адправілі службам, якія маюць абслугоўваць мерапрыемства, свае праекты дамоваў. Запэўнілі, што абавязваюцца самастойна забясьпечыць абслугоўваньне паўгадзіннага пікету зь пяці чалавек і ў паслугах супрацоўнікаў міліцыі, ЖКГ і мэдустаноў ня маюць патрэбы.

Тым ня менш, пералічаныя службы даслалі ў адказ свае прайсы. І калі мэдыкі сьціпла папрасілі 22 рублі 50 капеек, то Полацкая ЖКГ ацаніла свае паслугі “па-багатаму”. Камунальнікі запатрабавалі аж 2 тысячы 20 рублёў, абгрунтаваўшы гэтую суму тым, што ў прыбіраньні тэрыторыі пасьля пікетоўцаў будуць задзейнічаныя 11 чалавек, якія будуць працаваць 8 гадзін, а таксама дзьве машыны і два сьмецьцевыя кантэйнэры!..

Міліцыя ж, у сваю чаргу, паведаміла, што “самастойнае забесьпячэньне аховы грамадзкага парадку падчас правядзеньня такіх масавых мерапрыемстваў заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжанае”. Кошт іх паслуг для пікету - 76 рублёў 50 капеек (тры базавыя велічыні).

Пікет перанесены на нявызначаны тэрмін

На такія ўмовы арганізатары пікету не пагадзіліся і дамовы з дзяржустановамі не падпісвалі. За 10 хвілін да пачатку меркаванага пікету арганізатары накіравалі ў райвыканкам ліст з просьбай перанесьці дату пікету “на нявызначаны тэрмін да ліквідацыі рознагалосься па аплаце паслуг.

Арганізатары адзначаюць, што ў заяўлены час на месцы меркаванага пікету дзяжурыла ўсё-такі брыгада хуткай дапамогі…

Хуткая дапамога на заяўленым месцы пікетаваньня

Аляксандар Марозаў

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.