Нядзеля, 24 Сакавік 2019

Дзень Волі ў Віцебску адзначылі ўскладаньнем кветак. Без затрыманьняў

Ацаніць гэты матэрыял
(10 галасоў)

Віцебскія актывісты і прадстаўнікі дэмакратычных партыяў традыцыйна адзначылі Дзень Волі ўскладаньнем кветак да помнікаў князю Альгерду і Караткевічу. Кветкі ляглі таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава на будынку мастацкай школы №1 і да мэмарыялу, усталяванаму каля Усьпенскага сабору на месцы пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў.

Да помніку князю Альгерду 24 сакавіка прыйшлі больш за 20 віцяблянаў з кветкамі і нацыянальнымі сымбалямі.  

“Зьбіраемся каля помніку Альгерду з адной простай прычыны. Бо ў Віцебску няма месца ў цэнтры гораду, дзе б было дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы. Наша даражэнькая ўлада адсылае любых нязгодных на ўскрайкі гораду. Таму вось такі крыху бледны і куртаты фармат. Але як ёсьць. Віншуйма адзін аднаго зь вялікай датай і ўскладайма кветкі”, – заклікаў кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў.

Кастусь Смолікаў (у цэнтры)

Ён таксама выказаў надзею, што ў будучым у віцяблянаў “атрымаецца зладзіць больш урачыстае сьвята – з канцэртамі, фудкортамі, выступамі вядомых асобаў”.

Перад ускладаньнем

Ад помніку Альгерду актывісты накіраваліся да магілы ля сьцяны Усьпенскага сабору, дзе ў 2005 годзе былі перапахаваныя чалавечыя парэшткі, знойдзеныя падчас земляных працаў на аднаўленьні сабору.

Заснавальнік грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў, спасылаючыся на віцебскага гісторыка Ігара Цішкіна, адзначыў у сваёй прамове, што людзі, чые парэшткі перапахаваныя на гэтым месцы, былі ахвярамі сталінскага тэрору. Памяць нявінна забітых ушанавалі хвілінай маўчаньня.

Ян Дзяржаўцаў ускладае кветкі да магілы нявінна забітых на Усьпенскай горцы

Бел-чырвона-белыя ружы ляглі і да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкава.

Кветкі Быкаву на БНР-101

“Калі б Быкаў жыў у той час, ён быў бы сярод айцоў-заснавальнікаў БНР”, – выказаў здагадку Кастусь Смолікаў.

Удзельнікі ўшанаваньня ўсклалі таксама кветкі да помніку Ўладзімеру Караткевічу ў Віцебску. З надыходзячым сьвятам удзельнікаў віншавалі актывістка БХД Тацяна Севярынец, старшыня Віцебскага аддзяленьня Руху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў, старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч ды іншыя.

Каля помніку Уладзімеру Караткевічу

Усё, што адбывалася падчас ускладаньня кветак, фіксавалі на фота- і відэакамэры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзеньні. Затрыманьняў у гэты вечар не было.

Сьвяткаваньне БНР-101 у Віцебску працягнулася ў арт-пабе “Торвальд”, дзе 24 сакавіка выступіў вядомы беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.

Зьміцер Міраш, фота аўтара