Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 29 Снежань 2017

Антаніне Піванос адмовілі ў заключэньні дамоваў на абслугоўваньне пікету

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Антаніна Піванос Антаніна Піванос

У кастрычніку 2017 году ўлады не дазволілі жыхарцы Віцебску Антаніне Піванос правесьці ў горадзе пікеты з вышываньнем украінскай сымболікі. Падставай для забароны стала адсутнасьць дамоваў з ЖКГ, УУС і ўпраўленьня аховы здароўя аб абслугоўваньні пікету. 71-гадовая жанчына паспрабавала пазьней заключыць такія дамовы – нічога не атрымалася…

Антаніна Піванос меркавала, што пасьля заключэньняў дамоваў і атрыманьня дазволу пасьпее правесьці даўно заплянаваны пікет 22 сьнежня ў парку Мазурына. У заявах Антаніна Афанасеўна прасіла ўлічыць, што яна пэнсіянэрка і будзе пікетаваць адна.

Хуткая дапамога: немагчыма, бо падвышаная нагрузка і Новы год  

Упраўленьне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму, куды зьвярнулася жанчына з просьбай аб заключэньні дамовы, перанакіравала зварот у Віцебскую гарадзкую станцыю хуткай і неадкладнай мэдыцынскай дапамогі. Адтуль Піванос атрымала шматслоўны адказ аб тым, што заключэньне дамовы “на мэдыцынскае забесьпячэньне масавага мерапрыемства 22 сьнежня падчас правядзеньня пікетаваньня не ўяўляецца магчымым…” (падпісаўся галоўны ўрач установы Віктар Гоманаў).

Грамадзянцы адмовілі заключыць дагавор з прычыны дрэннага надвор’я і падвышанай у сувязі з гэтым нагрузцы па абслугоўваньні насельніцтва, а таксама праз тое, што “ў пэрыяд з 18 па 23 сьнежня будзе праводзіцца мэдзабесьпячэньне навагодніх мерапрыемстваў у цэнтры культуры “Віцебск”.

ЖКГ: зьвяртайцеся ў “Зелянгас”

У сваю чаргу, прадпрыемства “Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка” праінфармавала Антаніну Піванос, што яно зьяўляецца органам кіраваньня ў дачыненьні да дзевяці даччыных прадпрыемстваў са статусам юрыдычных асобаў.

У адно зь іх – віцебскі “Зелянгас” – і параілі зьвяртацца, бо менавіта гэтае дзяржпрадпрыемства займаецца паркамі гораду.

УУС: ня маем інфармацыі пра дазвол

Нарэшце, УУС Віцебскага аблвыканкаму адказала, што ў іх “на гэты момант адсутнічае інфармацыя аб дазволеных масавых мерапрыемствах у Віцебску, заплянаваных да правядзеньня ў пазначаны дзень органамі ўлады, грамадзкімі арганізацыямі і фізычнымі асобамі”.

“Такім чынам рашэньне па пытаньні заключэньня з вамі дамовы (…) будзе прымацца на падставе рашэньня адміністрацыі Кастрычніцкага раёну альбо Віцебскага гарвыканкаму, прынятага па выніках разгляду вашай заявы”, – цытуем. Замкнёнае кола…

У сувязі з адмовамі аб заключэньні дагавораў спадарыня Піванос ужо рыхтуе скаргу ў гарвыканкам.

Праваабаронца: Рашэньне № 881 супярэчыць заканадаўству

Як мяркуе віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, пункт 3 Рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10.07.2009 году “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”  з дапаўненьнем супярэчыць дзейнаму заканадаўству, у прыватнасьці Пастанове Савету Міністраў ад 05.03.2012 № 207 (“Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку арганізацыі ўзаемадзеяньня праваахоўных органаў, арганізатараў масавых мерапрыемстваў і прадстаўнікоў грамадзкасьці…”).

“У згаданым палажэньні не вызначаецца абавязак арганізатара масавага мерапрыемства заключаць дагавор і аплачваць паслугі па ахове правапарадку. Пры гэтым п.5 палажэньня вызначае абавязак мясцовага выканаўчага органу цягам аднаго дня ад моманту рэгістрацыі заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства накіраваць яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгледжваньня пытаньняў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку і забесьпячэньнем грамадзкай бясьпекі, а таксама выпрацоўкі адпаведных прапаноў”, – тлумачыць Леанід Сьвецік.  

“Такім чынам, п.3 Рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 з дапаўненьнем супярэчыць дзейнаму заканадаўству, бо фактычна ўтрымлівае норму, якая вымагае арганізатараў масавага мерапрыемства заключаць дамову яшчэ да таго, як яны атрымаюць дазвол на яго правядзеньне”, – падсумоўвае праваабаронца.

Зьміцер Міраш