Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 11 Красавік 2013

Правядзеньню пікету ў Віцебску замінае… бокс

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскія актывісты атрымалі ліст ад “хуткай дапамогі”, якая адмовілася ад дзяжурства на пікеце 12 красавіка. Прычына адмовы – занятасьць мэдыкаў на спаборніцтве па боксе. Мінулым разам лекары цэнтральнай паліклінікі спасылаліся на “ўспышку сэзонных захворваньняў” у Дзень Волі і ня сталі заключаць дамову з актывістамі на гэтай падставе. А без дамоваў пікеты не дазваляюць.

Віцебскія актывісты Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец палітвязьня Мікалая Статкевіча, і кіраўнік абласной структуры руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў хацелі правесьці 12 красавіка пікет салідарнасьці з палітзьняволенымі, а таксама супраць зьбядненьня беларускага насельніцтва. Заяўку падалі ў Першамайскую раённую адміністрацыю, бо хацелі правесьці акцыю ў адмыслова вызначаным для гэтага месцы – Парку 30-годзьдзя ВЛКСМ на тэрыторыі Першамайскага раёну.

Раённая адміністрацыя адмовіла, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму. Згодна зь ім, акцыі дазваляюцца толькі ў тым выпадку, калі заключаныя дамовы з ЖКГ, лекарамі і супрацоўнікамі міліцыі. Служба хуткай дапамогі ўхілілася ад гэтага, напісаўшы, што “брыгадамі будзе ажыцьцяўляцца абслугоўваньне рэспубліканскай унівэрсыяды па боксе”. Адпаведна, раённая адміністрацыя чарговы раз працытавала рашэньне Віцебскага гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах” і адмовіла актывістам.

Такім чынам, адхіленая чарговая заяўка прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якім за апошнія 3 гады афіцыйна не дазволілі правесьці ніводнай акцыі. Адказныя службы адмаўляюцца ад заключэньня дамоваў з апазыцыянерамі ўсемагчымымі спосабамі.

Хрыстафор Жаляпаў спрабаваў у падобнай сытуацыі прымусіць мэдыкаў заключыць дамову праз суд. Але ў Кастрычніцкім райсудзе пастанавілі, што прымусіць заключыць дамову нельга – што кожная структура можа кіравацца ў гэтым сэнсе ўласнымі меркаваньнямі. Атрымліваецца, што адказным службам можна не заключаць дамоваў, безь якіх дазвол на акцыю атрымаць немагчыма, бо гэта ўмова гарвыканкаму.

Актывісты неаднаразова спрабавалі ініцыяваць зьмены ў рашэньне мясцовых уладаў, бо толькі ў Віцебску спачатку патрабуюць дамоваў, каб потым даваць ці не даваць дазвол на масавае мерапрыемства. У іншых гарадох парадак адваротны. Але ў гарвыканкаме зьмяніць рашэньне не пагаджаюцца: кажуць, што яно прайшло юрыдычную экспэртызу і ўнесенае ў рэестр прававых актыў РБ, а значыць, яно бездакорнае. Так лічаць чыноўнікі. І адмаўляюць актывістам.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"