Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Снежань 2013

Доктар Пастноў зьбіраецца зладзіць пікет у падтрымку тых, хто пацярпеў ад міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар вырашыў прыцягнуць увагу землякоў да праблемы гвалтоўных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, бо выпадкі гвалту і неапраўданай жорсткасьці з боку міліцыянтаў у Беларусі пачасьціліся. І Віцебск – не выключэньне: Ігар Пастноў згадвае некалькі гэткіх выпадкаў. Заяўка пададзеная ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. Дата пікету, на які Ігар Пастноў просіць дазвол, - 20 студзеня.

Аднак ён кажа, што згодны на любы іншы выходны дзень, калі ў гэты ёсьць нейкія перашкоды: “Я напісаў, што хачу правесьці пікет у парку Мазурына, гэта афіцыйна вызначанае месца для масавых акцыяў. У выходныя там ёсьць людзі, якія прыяжджаюць адпачываць, катацца на лыжах. Пікет будзе аднаасобны – я буду стаяць адзін, з плякатам “Ачысьцім міліцыю ад асобаў, схільных да гвалту і садызму”. А яшчэ – з жалобным вянком і ў чорным адзеньні, бо гэта “пікет-рэквіем”. Рэквіем па ахвярах міліцыі, якія пацярпелі або нават загінулі празь міліцэйскі гвалт. Я лічу, што праблема гэтая – надзённая і вострая, і што ўлады абавязаныя даць дазвол на такую акцыю, бо ігнараваць гэтую праблему папросту нельга”.

Ігар Пастноў згадвае некалькі трагічных выпадкаў. Адзін зь іх – інцыдэнт зь ягоным калегам, калі ў 2006 годзе хірург Андрэй Дробыш быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі пасьля затрыманьня на вуліцы нібыта за лаянку. Дамагчыся, каб распачалі крымінальную справу, удалося толькі праз 2 гады, працэс быў закрыты. У судзе Андрэй Дробыш распавёў, што дапамагаў на вуліцы падняцца чалавеку. А калі прыехаў патруль, міліцыянты яго аблаялі. Ён выказаў абурэньне, і яго затрымалі, білі ў аўтамабілі, потым у пастарунку. Міліцыянты Раман Шушко і Анатоль Маханькоў віну не прызнавалі, казалі, што затрыманы нібыта сам лез біцца, і пашкоджаньні нанёс сабе сам, падскокваючы на лаве ў кайданках. 6 студзеня 2008 году судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду вынесла прысуд міліцыянтам - 4 гады пазбаўленьня волі.

Згадвае Пастноў і даўнейшы выпадак: як міліцыянтаў з таго ж Кастрычніцкага райадзьдзелу асудзілі за забойства студэнта мэдінстытуту Аляксандра Баранава. А таксама прыводзіць апошні прыклад, калі віцебскі палітык Сяргей Рыжоў паскардзіўся супрацоўнікам Сьледчага камітэту на зьбіцьцё ў выцьвярэзьніку 16 лістапада гэтага году, і як пасьля гэтага на яго завялі адміністрацыйную справу нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам – супрацоўнікам выцьвярэзьніку.

“Гэта вострая праблема. Як урач-псыхіятар я адкрыта кажу: людзі, схільныя да жорсткасьці ды садызму, ня мусяць працаваць у міліцыі! У заяўцы я напісаў, што хачу правесьці аднаасобны пікет, што бяру на сябе абавязкі прыбраць тэрыторыю пасьля акцыі, што я сам лекар, і магу аказаць мэдычную дапамогу – як прысутным, так і самому сабе. А што да аховы, дык міліцыі на маім пікеце і так павінна быць нямала – гэта ж іхная праблема найперш! Я асабіста запрашу міліцыю і абавязкова – міліцэйскую прэсавую службу! А вось калі мне не дазволяць гэты пікет – гэта і будзе сапраўдная пазыцыя нашых уладаў, якая не дае рэалізаваць мае грамадзянскія правы і ня хоча заўважаць наяўнасьці самой праблемы!” – кажа Ігар Пастноў.

Зрэшты, ён не выключае і іншага разьвіцьця падзеяў – што пасьля заяўкі на такую акцыю ён можа зноў апынуцца на прымусовым псыхіятрычным лячэньні з “абвастрэньнем хваробы”. Так ужо было ў жніўні гэтага году: неўзабаве пасьля чарговага відэавыступу ў інтэрнэце з крытыкай абласных уладаў і стану мэдычных установаў вобласьці Ігара Пастнова проста з працы забралі ў віцебскі абласны цэнтр псыхіятрыі і наркалёгіі, суд у ягоную адсутнасьць і ў адсутнасьць адваката санкцыянаваў для яго прымусовае лячэньне, а лекары абмежавалі ўсе наведваньні пацыента, у тым ліку зь сябрамі і праваабаронцамі. Пасьля гэтага Ігар Пастноў пачаў дабівацца зьменаў у законе “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі”, які абмяжоўвае правы пацыентаў і ставіць іх у цалкам залежнае ад мэдыкаў становішча.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"