Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 03 Люты 2014

Віцебскім актывістам забаранілі пікет да Дня Канстытуцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў Фота: Дыялёг

Імпрэзу замаўлялі Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў. Абодва актывісты 15 сакавіка хацелі прыцягнуць увагу землякоў да абароны правоў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адказам на заяўку ў Першамайскую раённую адміністрацыю Віцебску стала адмова.

Распавядае Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада»: «Нам адмовілі чарговы раз па звыклай ужо прычыне. Мы не змаглі разам з заяўкай прадставіць дамовы на абслугоўваньне акцыі. Гэта – заўсёдная праблема, бо з намі не пагаджаюцца супрацоўнічаць ні міліцыя, ні цэнтральная гарадзкая паліклініка. Каб чыноўнікі ведалі, што мы імкнёмся заключыць дамовы, копіі лістоў у гэтыя структуры мы далучаем да заявак на акцыю. Аднак і абласная ўправа МУС, і ўрачы нам зноў даслалі адмовы. З паліклінікі напісалі, што да 15 сакавіка яшчэ багата часу, і яны ня могуць нам паабяцаць, што ў той дзень знойдзецца брыгада хуткай дапамогі для дзяжурства. А міліцыянты даслалі стандартную “адпіску”, што будуць разглядаць нашу прапанову толькі пасьля таго, як акцыю дазволяць улады. У прынцыпе, яны дзейнічаюць у межах закону аб арганізацыі масавых акцыяў і маюць рацыю. Але ж ад нас, заяўнікаў, патрабуецца выкананьне рашэньня № 881 Віцебскага гарсавету».

У рашэньні гарвыканкаму № 881 наўпрост гаворыцца, што заяўнікі мусяць прадставіць дамовы з абласной управай МУС, ЖКГ і цэнтральнай гарадзкой паліклінікай. І зрабіць гэта не пазьней як за 15 дзён да заплянаванай акцыі. Аднак мэдыкі заяўляюць, што такія тэрміны ім не падабаюцца, і што свае пляны яны могуць скарэктаваць хіба толькі дзён за 5 да вызначанай даты.

Такая пазыцыя робіць немагчымым выкарыстаньне заканадаўства для рэалізацыі правоў грамадзян, лічыць каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў: «Мы мусім зьвяртацца да ўладаў за 15 дзён, а мэдыкі, бачыце, хочуць каб за 5. Атрымліваецца, і закон аб масавых акцыях для іх не працуе, і рашэньне гарвыканкаму таксама, хаця там загадана, што абслугоўваць акцыі абавязаныя прадстаўнікі менавіта гэтай паліклінікі. З абласной управай МУС – наогул атрымалася дзіўна: паводле рашэньня гарвыканкаму № 881 мы мусім зьвяртацца менавіта туды, але міліцэйскае кіраўніцтва нам цьвердзіць, што гэта – абласная структура, а рашэньню гарвыканкаму яны не абавязаныя падпарадкоўвацца!»

Праваабарончы цэнтар «Вясна»