Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 22 Сакавік 2022

Год гістарычнай памяці: у сакавіку – толькі ўгодкі спалення Хатыні?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

22 сакавіка практычна ўсе раённыя газеты Віцебскай вобласці згадалі 79-я ўгодкі знішчэння беларускай вёскі Хатынь ў 1943 годзе. Згадка пра трагедыю падчас мінулай вайны звязваецца найперш з тым, што 2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Але ці толькі гэтую трагічную дату варта ўзгадваць як значную падзею гісторыі? І ці толькі пра Хатынь трэба памятаць?

Незалежны сайт Бешанковіцкага раёну прапануе прыгадаць адразу некалькі выбітных падзеяў, угодкі якіх прыпадаюць якраз на гэтыя дні. Прыкладам, 24 сакавіка 1794 году распачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, якому належаць словы «Жадаю свабоды для ўсяго народу, і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё». 25 сакавіка 1918 году – дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, калі Трэцяй Устаўной граматай Беларусь была абвешчаная вольнай і незалежнай дзяржавай, а беларускі народ нарэшце падаў «заяўку» на атрыманне ўласнай дзяржаўнасці і палітычнай суб’ектнасці. А 27 сакавіка 1891 году нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, беларускі архітэктар і палітычны дзеяч, стваральнік бел-чырвона-белага нацыянальнага сцяга.

Гэтыя даты, з пункту гледжання дзяржаўнай ідэалогіі, не вартыя шанавання і ўспамінаў. Бо гісторыя беларускай дзяржавы для цяперашніх ідэолагаў і праўладных гісторыкаў пачынаецца з мінулай вайны.

Але дзяржаўная ідэалогія і сапраўдная народная памяць – рэчы розныя, а часам і супрацьлеглыя. Казённая завядзёнка выконваць загады «зверху» і цяпер спрацавала такім чынам, што на Віцебшчыне ўзгадваюць трагічную гісторыю Хатыні, вёскі ў Менскай вобласці. Хаця Віцебская вобласць страціла ў агні вайны 3084 вёскі (да слова, Менская – толькі 1106), і толькі ў Віцебскім раёне 12 населеных пунктаў напаткаў горкі лёс Хатыні.

Вёску Ваўчкі разам з жыхарамі карнікі спалілі ў лютым 1943-га. 40 двароў разам з гаспадарамі і дзецьмі былі спаленыя ў вёсцы Лычнёва ў ліпені 1942-га. Майскі дзень 1943 года стаў апошнім для 28 жыхароў вёскі Подцева. Такая ж доля напаткала вёскі Дубрава, Сазаны, Стукальна, Дубавіцы, Шыцікі, Шухвасты… Кожная з іх магла б стаць сімвалам памяці, але не абагульненым, як Хатынь, а блізкім і дарагім для жыхароў рэгіёну.

Аднак жалобныя мерапрыемствы ў памяць пра мясцовыя спаленыя вёскі і бязвінна знішчаных землякоў прайшлі толькі на Гарадоччыне.

Феліцыян Красоўскі