Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Люты 2020

За будаўнічыя працы каля полацкай Сафіі адказвае ўпраўленьне адукацыі?..

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва кадэцкай вучэльні на тэрыторыі Верхняга замку ў Полацку, якую адправілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет Міністраў, была перанакіраваная ў Віцебскі аблвыканкам. Разглядаць яе будуць у галоўным ўпраўленьні адукацыі. Гэта вынікае з афіцыйных адказаў, якія атрымалі аўтары электроннага звароту.

«Аказваеца, у Віцебскай вобласьці за гэтае будаўніцтва адказвае галоўнае ўпраўленьне па адукацыі! Пэўна, яны і далі дазвол на забіваньне паляў у старажытны культурны слой пад Сафіяй!» – адрэагаваў на паведамленьне зь Віцебскага аблвыканкаму адзін з аўтараў пэтыцыі гісторык Сяргей Тарасаў.

Электронная пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць маштабнае будаўніцтва на Верхнім замку каля Сафійскага сабору ў Полацку сабрала за некалькі тыдняў 1250 подпісаў.

У апараце Савету Міністраў РБ разглядаць зварот таксама ня будуць – адтуль яго «перакінулі» ў Міністэрства культуры.

Сяргей Тарасаў разьлічвае, што канчатковы адказ на пэтыцыю прыдзе ад дзяржаўных органаў 5-га ці 6-га сакавіка. Але якім бы ні быў адказ, 1 сакавіка гісторык запрашае ўсіх неабыякавых людзей на грамадзкую лекцыю пра Ўсяслава Чарадзея – будаўніка Сафійскага сабору XI-га стагодзьдзя.

Лекцыя адбудзецца ля сьценаў полацкай Сафійкі, «побач зь якой, зьнішчаючы архэалягічныя каштоўнасьці, не ягоныя, не нашыя нашчадкі, а нейкія «воблачныя»  расейскія «міры» будуюць свае «кадэцкія» вучэльні».

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.