Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Люты 2020

Выставілі патрабаваньне: спыніць будаўніцтва кадэцкай вучэльні каля полацкай Сафіі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Сафійскі сабор у Полацку Сафійскі сабор у Полацку

На інтэрнэт-пляцоўцы «Зручны горад» зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць усе будаўнічыя працы на полацкім Верхнім замку, дзе ў сьнежні 2019 году пачалі руйнаваць былы шпітальны гарадок, каб на ягоным месцы узьвесьці карпусы кадэцкай вучэльні. Аўтары пэтыцыі лічаць, што гэтыя працы зьнішчаюць культурныя напластаваньні і нясуць пагрозу самому Сафійскаму сабору.

«Яго (Сафійскага сабору) сьцены літаральна дрыжаць», – гаворыцца ў звароце.

Адзін з аўтараў пэтыцыі – гісторык і археоляг Сяргей Тарасаў – нагадвае, што «Полацкі Верхні Замак – гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая, адпаведна дзейнага заканадаўства, мае найвышэйшую рэспубліканскую катэгорыю і абароненая Законам, мае пэрспэктыву стаць помнікам міжнароднай вартасьці адпаведна патрабаваньням ЮНЭСКА».

Згодна з Кодэксам аб культуры, на Верхнім замку забароненыя любыя земляныя (будаўнічыя) працы без правядзеньня адпаведных навуковых і дасьледчых работ.

У сувязі з гэтым аўтары звароту патрабуюць «тэрмінова спыніць усе будаўнічыя працы на Полацкім Верхнім замку, стварыць дзяржаўна-гарамадзкую камісію па экспэртызе дадзенага праекту, правесьці грамадзкае абмеркаваньне па рэгенэрацыі і прыстасаваньні Верхняга замку адпаведна яго гісторыка-культурнай значнасьці для гісторыі і дзяржаўнасьці нашай краіны».

Электронны зварот, пад якім падпісалася ўжо 250 чалавек, праз тыдзень будзе накіраваны ў Міністэрства культуры, Адміністрацыю прэзыдэнта РБ і Віцебскі аблвыканкам.

«Калі ня мы, то хто спыніць гэты злачынны гвалт!» – піша на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Тарасаў.

Яшчэ ў 2012 годзе ўлады хацелі ажыцьцявіць на Верхнім замку ў Полацку амбітны праект – стварыць цэнтар археалёгіі, аднавіць Базыльянскі кляштар і г.д. Але гэта патрабавала вялізных фінансавых укладаньняў – грошы так і не знайшлі. Ідэю стварэньня каля Сафіі полацкай кадэцкай вучэльні ўпершыню агучыў міністар адукацыі Ігар Карпенка. А ў Полацкім райвыканкаме кажуць, што рашэньне аб будаўніцтве кадэцкай вучэльні на Верхнім замку «прынятае на ўзроўні прэзыдэнта».

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.