Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Жнівень 2019

Тацяна Севярынец: Беларуская аўтакефалія – вельмі добрая ідэя

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Тацяна Севярынец Тацяна Севярынец

Ва ўкраінскім Чарнігаве 17-18 жніўня прайшла канфэрэнцыя “Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы”. Больш за 100 ўдзельнікаў прыехалі на форум зь Беларусі. Удзел у ім узялі і прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зь Віцебску Тацяна Севярынец ды Ірына Захарава.

Як зазначыла Тацяна Севярынец, сапраўдная беларуская незалежнасьць непарыўна зьвязаная зь ідэяй беларускай аўтакефаліі. Актывістка мяркуе, што канфэрэнцыя, якая адбылася ў Чарнігаве, стане адпраўным пунктам разьвіцьця Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Па словах Тацяны, суполкі прыхільнікаў беларускай аўтакефаліі ўжо паўсталі ў некалькіх абласных і раённых цэнтрах.

“Думаю, што ў Віцебску мы таксама створым суполку і што знойдзецца сьвятар, які здолее служыць па-беларуску. Было б агульнае жаданьне! Я – жадаю гэтага, бо пасьля таго як страціла давер да Рускай праваслаўнай царквы, не магла знайсьці сябе нідзе”, – кажа Тацяна.

“Не хапіла мне мужнасьці пайсьці да каталікоў, хоць яны мне вельмі падабаюцца. Падабаюцца сваёй разнастайнасьцю і спрошчанасьцю службы пратэстанты. Вельмі прыязна стаўлюся да нашай уніяцкай царквы… Але, пачуўшы пра ідэю стварэньня БАПЦ, вырашыла, што мушу быць зь ёю”, – патлумачыла актывістка БХД. 

Тацяна расказала, што ў ейным родзе былі праваслаўныя сьвятары, яна сама была хрышчаная як праваслаўная, таму ня хоча нешта мяняць.

“Для мяне аўтакефалія –  вельмі файная ідэя”, – падсумоўвае Тацяна.

"БАПЦ здольная аб'яднаць людзей"

Тацяна Севярынец лічыць, што Беларуская аўтакефальная царква здольная аб’яднаць людзей у тым ліку і на грунце беларускай мовы, якая і натхняе, і чыніць перашкоды на шляху “руского міра”, чыя ідэалёгія цесна зьвязаная з РПЦ, праз што ўсялякі давер да яе губляецца.

“Праваслаўныя сьвятары палохаюцца, што ў выніку аўтакефаліі праваслаўны сьвет будзе расколаты. Думаю, дарма”, – мяркуе Севярынец.

Паводле Тацяны, форум у Чарнігаве меў даволі прадстаўнічы характар. Перад прыхільнікамі аўтакефаліі выступілі вядомыя беларускія навукоўцы: доктар гістарычных навук Леанід Лыч, кандыдат філязофскіх навук Тацяна Процька, прафэсар Мікола Савіцкі, гісторык Ігар Лялькоў, доктар урбаністыкі Ірына Лаўроўская. Наконт аўтакефаліі выказаліся сьвятары БАПЦ Сьвятаслаў Логін і Леанід Акаловіч, вядомы сьвятар Аляксандар Шрамко.

Канфэрэнцыя ў Чарнігаве падтрымала стварэньне БАПЦ і прыняла шэраг заяваў у абарону мэмарыялу ў Курапатах, а таксама ва ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863-64 гг. Заяўлена пра неабходнасьць рэабілітацыі ўсіх сьвятароў і вернікаў – ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. Удзельнікі форуму асудзілі таксама практыку ўслаўленьня катаў, якія давалі загады на зьнішчэньне цэркваў і сьвятароў, але імёны якіх і цяпер захоўваюцца ў назвах беларускіх мястэчак, вёсак і вуліц населеных пунктаў.

С. Горкі